Праблемныя актывы дзяржбанкаў за год падвоіліся
Неабслугоўваныя (праблемныя) актывы дзяржаўных банкаў Беларусі на 1 ліпеня склалі 2,72 млрд рублёў і за папярэднія 12 месяцаў падвоіліся. Такая інфармацыя прыводзіцца ў апублікаваным аглядзе Нацбанка аб устойлівасці банкаўскага сектара.
Паводле дадзеных рэгулятара, сукупны аб’ём неабслугоўваных актываў банкаў на 1 ліпеня склаў 3,2 млрд рублёў (супраць 1,85 млрд рублёў на 1 ліпеня 2018 года). Істотны рост неабслугоўваных актываў у банкаўскім сектары адбыўся з прычыны павелічэння іх у дзяржбанках: з 1,35 млрд на 1 ліпеня 2018 года да 2,72 млрд рублёў на такую ж дату гэтага года.
На 1 ліпеня 2019 года доля неабслугоўваных (праблемных) актываў у сукупных актывах банкаў склала 5,8% супраць 3,7% на 1 ліпеня 2018 года.
Тэма праблемных даўгоў камерцыйных банкаў абмяркоўвалася на ліпеньскім пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка. Удзельнікі пасяджэння адзначалі, што адсутнасць значнага паляпшэння фінансавага становішча дзяржпрадпрыемстваў прыводзіць да росту рэструктурызаванай запазычанасці, якая адносіцца да неабслугоўваных актываў банкаў.
Паводле звестак БелаПАН, Нацыянальны банк плануе ўпершыню ў гісторыі ўключыць у Асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год парогавае значэнне долі неабслугоўваных актываў на ўзроўні „не большым за 10%”.
На думку эканамістаў, рэгулятар тым самым спрабуе прыняць прэвентыўныя меры для недапушчэння некіраванага росту праблемных актываў у банкаўскай сістэме.
„Мэта Нацбанка — забяспечыць не толькі цэнавую, але і фінансавую стабільнасць. Таму, каб захаваць і тое, і другое, рэгулятар ужо цяпер прымае прэвентыўныя меры”, — падкрэсліла ў каментары БелаПАН акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.
Беларускія эканамісты ўпэўненыя, што ігнараваць праблему дрэнных даўгоў нельга.
„У сярэднім каля паловы рэсурснай базы прадпрыемстваў сёння сфарміравана за кошт пазыковых сродкаў. На гэтыя сродкі ў тым ліку закупляецца тавар, матэрыялы, якія знаходзяцца ў абароце. Калі, не дай бог, буйныя банкі з-за назапашвання праблемных даўгоў апынуцца ў крызіснай сітуацыі, бягучая дзейнасць многіх прадпрыемстваў можа аказацца пад вялікім пытаннем”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.
Таму фінансавага крызісу Беларусі варта ўсяляк пазбягаць, падкрэсліваюць эксперты.