Праблемы гарадзенскіх прадпрымальнікаў
Гарадзенскія індывідуальныя прадпрымальнікі знайшлі агульную мову з уладамі і захавалі леташні ровень „адзінага падатку”. Малая пакупніцкая здольнасць жыхароў Гародні да мінімуму зменшыла колькасць кліентаў рэчавых рынкаў. Многія прадпрымальнікі маюць нулявыя выручкі за дзень працы. Таму вельмі добра, мяркуе Аляксандр Шасцяракоў, старшыня Рады індывідуальных прадпрымальнікаў рынку „Паўднёвы”, што ў гэтым годзе падатковая нагрузка на ягоных калегаў троху зменшылася.
— Адзіны падатак застаўся на папярэднім ўзроўні: на ўзроўні мінулага года. То бок, на сёння ў Гародні — 89 рублёў. Вядома, у раённых цэнтрах будзе яшчэ крыху менш, там ідзе градацыі. У Гародні найбольшая стаўка ў Гарадзенскай вобласці, у Лідзе меней, а некаторых райцэнтрах — яшчэ менш.
Беларускія прадпрымальнікі рэчавых рынкаў, якія працуюць з аптовымі пастаўшчыкамі з Расейскай Федэрацыі з ліпеня могуць мець яшчэ адзін клопат. Увядзенне новага закону гэтай краіны ўводзіць для расейскіх прадпрымальнікаў анлайн касы, што вымагае быць уважлівымі беларускім пакупнікам. Магчыма стары тып чэкаў для падатковай інспекцыі будзе не сапраўдны. Не ўсе прадпрымальнікі маюць кантакты праз сацыяльныя сеткі, таму Рада прадпрымальнікаў рынка „Паўднёвы” звярнулася да кіраўніцтва рынку, каб людзям паведаміць праз інфармацыйны цэнтр. Але адказ ім быў адмоўным. Кажа Андрэй Шасцяракоў:
— Мы ведаем, што шмат хто з прадпрымальнікаў не глядзяць сацыяльныя сеткі. Вядома. Ёсць такія людзі на рынку, якія проста не чулі пра гэта і пра гэта не ведаюць. Рада індывідуальных прадпрымальніках звярнулася да нашай дырэкцыі з просьбай агучыць напамін праз інфа-цэнтр, каб прадпрымальнікі былі ў курсе тых падзей, якія адбываюцца ў Расейскай Федэрацыі: змяняецца заканадаўства. Але атрымалі адмову. Гэта яскравы прыклад таго, што адбываецца на сёння ў Беларусі.
Вядома, што значная частка гарадзенскіх прадпрымальнікаў рэчавых рынкаў набывае тавары ў расейскіх аптовых рынках „Люблінова” і „Садавод”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя