Прадаўцы лесапрадукцыі і цэменту ўзначалілі рэйтынг экспарцёраў на БУТБ
Прадаўцы лесапрадукцыі і цэменту ўзначалілі рэйтынг экспарцёраў на Беларускай універсальнай таварнай біржы, паведаміў прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
У тройку буйнейшых экспарцёраў тавараў праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу па выніках першага квартала 2021 года ўвайшлі УП «Беллесэкспарт» (спецэкспарцёр Міністэрства лясной гаспадаркі), ДП «Кіруючая кампанія холдынга «Беларуская цэментная кампанія» і УП «Віцебская лесапільня». У параўнанні са студзенем — сакавіком 2020 года агульная сума экспартных здзелак, ажыццёўленых гэтымі кампаніямі, павялічылася на 29 працэнтаў і склала $78,3 млн. Такім чынам, лідары рэйтынгу экспарцёраў забяспечылі амаль палавіну ўсіх экспартных паставак праз БУТБ.
«На долю лесапрадукцыі прыпала 67 працэнтаў ад агульнага аб’ёму экспарту ў першым квартале, таму цалкам лагічна, што вядучымі экспарцёрамі сталі прадпрыемствы лесапрамысловага комплексу. Цяпер на знешнія рынкі ў асноўным пастаўляюцца піламатэрыялы, аднак з улікам папулярнасці зялёнай энергетыкі ў краінах Еўропы чакаем рост попыту і на беларускія паліўныя гранулы», — расказалі ў прэс-службе.
Пры гэтым у якасці станоўчага моманту адзначаецца актыўны ўдзел у біржавых таргах Беларускай цэментнай кампаніі, што дало магчымасць ёй заняць другі радок у рэйтынгу экспарцёраў, якія працуюць на БУТБ.
«Дыверсіфікацыя экспартных паставак зніжае знешнегандлёвыя рызыкі, таму мы вітаем пашырэнне долі цэменту ў структуры экспартных здзелак. Па выніках першых трох месяцаў бягучага года экспарт гэтай прадукцыі праз біржавую пляцоўку вырас амаль у пяць разоў, да $10,2 млн. Такая высокая дынаміка абумоўлена зацікаўленасцю БЦК у заключэнні доўгатэрміновых кантрактаў з пастаўкай на працягу года. Таму калі такая збытавая палітыка будзе прымяняцца і ў будучым, можна прагназаваць далейшае павелічэнне біржавых продажаў цэменту на экспарт», — падкрэслілі ў БУТБ.
ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі прайшлі ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.