Прадпрыемствы чакаюць росту цэн і зніжэння курсу рубля
У маі—ліпені 2021 года беларускія прадпрыемствы — удзельнікі маніторынгу Нацыянальнага банка чакаюць павелічэння аб`ёмаў вытворчасці і попыту, росту адпускных цэн, скарачэння колькасці занятых і павелічэння патрэбнасці ў крэдытаванні. Пра гэта гаворыцца ў чарговым выпуску аналітычнага агляду Нацбанка „Маніторынг прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі Рэспублікі Беларусь”.
Разам з гэтым у найбліжэйшыя тры месяцы ўдзельнікі маніторынгу чакаюць росту спажывецкіх цэн (91,1% рэспандэнтаў) і зніжэння абменнага курсу беларускага рубля ў адносінах да расійскага рубля і да долара ЗША.
Эканамічная кан`юнктура, паводле ацэнак рэспандэнтаў, у лютым—красавіку 2021 года ў параўнанні з папярэднім трохмесячным перыядам пагоршылася, неспрыяльнай яе назвалі 52,8% кіраўнікоў прадпрыемстваў (у лістападзе 2020 года — студзені 2021 года — 49,1%), у той жа час спрыяльнай яна была для 45,8% рэспандэнтаў (49,3%).
Эканамічнае становішча свайго прадпрыемства адзначылі як здавальняючае 67,5% кіраўнікоў прадпрыемстваў, як дрэннае — 24,9% (за тры месяцы да таго — 70,5 і 20,9% адпаведна).
Індэкс бізнес-клімату Нацыянальнага банка (ІБК) скарэктаваны на сезоннасць, замарудзіў зніжэнне: у параўнанні з паказчыкам за папярэднія тры месяцы ён павялічыўся на 5 працэнтных пунктаў і склаў мінус 3,9%.
Фактычны ІБК у лютым—красавіку 2021 года склаў мінус 1,6%, павялічыўшыся ў параўнанні з паказчыкам за лістапад 2020-га — студзень 2021 года на 17,9 працэнтнага пункта. „Станоўчая дынаміка ІБК абумоўленая сезонным ростам аптымістычных чаканняў рэспандэнтаў змены попыту і аб`ёмаў вытворчасці ў найбліжэйшыя летнія месяцы, пры гэтым фактычна дадзеныя паказчыкі, нягледзячы на запаволенне тэмпаў зніжэння, па-ранейшаму захоўваліся адмоўнымі”, — гаворыцца ў аналітычным аглядзе Нацбанка.