Прадпрымальнік: Мы працуем выключна на падаткі і арэнду



Індывідуальныя прадпрымальнікі Гарадзенскай вобласці за чатыры месяцы бягучага года заплацілі падаткаў на суму, якая перавышае 10 мільёнаў 300 тысяч даляраў.  Паводле дадзеных інспекцыі міністэрства па падатках і зборах , доля ўдзелу прадпрымальнікаў у фармаванні прыбыткаў бюджэту склала 3%. Унёсак прадстаўнікоў дробнага бізнесу ў дзяржаўную казну штогод павялічваецца, і гэта на думку гарадзенскіх прадпрымальнікаў, сведчыць аб той сітуацыі, якая сёння існуе ў адносінах паміж дзяржавай і прадпрымальніцкім рухам:

– Падаткі з кожным разам падымаюцца ўсё больш і больш. Хацелася б зарабляць, а не працаваць выключна на падаткі і арэнду, якімі нас фактычна задушылі, і думаць – будзе прыбытак ці не. У гэтым месяцы падвысяць падаткі, а пасля, кажуць, ізноў будуць па крысе падвышаць.

Асноўны аб’ём прыбытку кансалідаванага бюджэта Гарадзенскай вобласці больш як на 90% фармуецца за конт паступленняў ад арганізацый рознай формы ўласнасці. Пры гэтым дзве траціны складаюць паступленні ад прадстаўнікоў дзяржаўнага сектара эканомікі, адна траціна  – ад прыватнага.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня