Прадпрымальнік: Пойдзем працаваць на завод
Амаль на паўтары тысячы прадпрымальнікаў сёлета стала меней у Берасцейскай вобласці. Такія дадзеныя агучылі прадстаўнікі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь. Летась было зарэгістравана каля 15,5 тысяч дробных бізнесоўцаў, а сёлета лічба не дацягвае да 14 тысяч чалавек. Берасцейскія прадпрымальнікі звязваюць такую сітуацыю непасрэдна з агульным збядненнем насельніцтва і пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне:
– Ніякіх перспектыў – усё дорага, дакументаў ніхто не дае, а калі і даюць, то яны “ліпавыя”. Якія тут перспектывы? Паглядзіце на курс даляра. Людзі атрымліваюць заробкі ў беларускіх рублях, а мы закупаемся ад курса даляра. Палову заробку на сумку ці іншую рэч ніхто не хоча аддаваць.
– Будзе яшчэ горш. Галеча ходзіць. Заробкі маленькія.
– Я нават не ведаю, што сказаць, бо і так усё бачна. Пойдзем на завод працаваць.
Таксама берасцейскія прадпрымальнікі прагназуюць значнае скарачэнне падаткаплацельшчыкаў у гэтай сферы пасля 1 студзеня 2016 года ў сувязі з увядзеннем новых правілаў сертыфікацыі тавараў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце