ІП збіраюць подпісы пад зваротам у Канстытуцыйны суд (абноўлена)



Камітэт за выратаванне прадпрымальнікаў пачаў збор подпісаў пад зваротам аб прызнанні ўказаў прэзідэнта №222 і 48 неадпавядаючымі Канстытуцыі краіны і яго адмену. У звароуе патрабуецца спыніць пераслед прадпрымальнікаў, а таксама падрыхтаваць адпавядаючы міжнароднаму заканадаўству базавы нарматыўна-прававы акт аб умовах іх дзейнасці.

Па словах прадпрымальніка і грамадскага актывіста Алеся Макаева, арганізатары плануюць назбіраць не менш 50 тысяч подпісаў, каб мець права звярнуцца ў Канстытуцыйны суд. Для пашырэння інфармацыі пра зварот вырашана правесці шэраг мітынгаў у розных гарадах Беларусі.

– Стартуюць гэтыя мітынгі ў Менскай вобласці. Плануем правесці іх у Маладэчне, Жодзіне, Барысаве, а таксама ў Светлагорску і Баранавічах. Даты будуць агучаны пазней. Мабыць, будзем падаваць заяўкі на гэтыя мітынгі. Назбіраць 50 тысяч подпісаў – нічога іншага нам не застаецца. Раней мы маглі ад арганізацыі падаваць у Канстытуцыйны суд, а зараз у нас засталася магчымасць дзеяння толькі ў гэтым кірунку. Трэба назбіраць мінімум 50 тысяч подпісаў, каб Канстытуцыйны суд разгледзеў незаконнасць антыпрадпрымальніцкіх указаў.

На гэтых мітынгах таксама будуць падымацца пытанні стварэння прафсаюзу прадпрымальнікаў „Салідарнасць” і абмяркоўвацца алгарытмы дзеянняў прадпрымальнікаў падчас правядзенні праверак датычна іх, як сказаў Алесь Макаеў.

***

Збор подпісаў за адмену прэзідэнцкіх указаў №222 і 48 пачалі беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі. Калі пад зваротам падпішуцца не менш за 50 тысяч чалавек, яго накіруюць у Канстытуцыйны суд. Гэта вырашана на чарговым пасяджэнні Грамадскага камітэта выратавання прадпрымальнікаў. Паводле аднаго з ініцыятараў такіх крокаў, прадпрымальніка са Светлагорска Анатоля Змітровіча, да больш рашучых дзеянняў штурхае ўлада.

Хоць прадпрымальнікі і выйшлі на працу, але працаваць яны змогуць толькі да 1 ліпеня:

Пасля 1 ліпеня дамоўленасці на прадмет праверак з уладамі няма. Ліпень і жнівень будуць вельмі гарачымі месяцамі для прадпрымальнікаў. Акрамя гэтага, рабочая група, якая была створана 2 месяцы таму пры Міністэрстве эканомікі, цягам ужо трох тыдняў не правяла ніводнай нарады. Таму можна сказаць, што ў гэтым кірунку працэс перамоў з уладамі прыпынены. 87% прадпрымальнікаў гаворыць пра тое, што няма дыялогу паміж уладамі і бізнесам.

“Як толькі прадпрымальнікі выйшлі на свае працоўныя месцы, улады спынілі з імі  амаль усе перамовы і кансультацыі. Аднак праблемы не вырашаны,” – сказаў Анатоль Змітровіч. Як вынік,  ёсць ініцыятыва стварэння прадпрымальніцкага саюзу “Салідарнасць”.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя