Прадпрымальнікі: Чыноўнікі лічаць нас сваімі канкурэнтамі



Напярэдадні сябры прадпрымальніцкай арганізацыі “Перспектыва” пачалі трохдзённы візіт у сталіцу Падляшша. Цягам візіту запланаваныя сустрэчы з бізнес-коламі Беластока ды разнастайнымі ўстановамі, якія спрыяюць развіццю бізнесу на Падляшшы. Гэта добрая нагода зірнуць на вядзенне бізнесу па-іншаму, лічаць старшыня прадпрымальніцкай арганізацыі „Перспектыва” Анатоль Шумчанка і ягоны намеснік Вячаслаў Піліпук.

РР: Чаго вы чакаеце ад гэтай сустрэчы? Вядома, што эканамічная сітуацыя ў Польшчы і Беларусі розная.

Анатоль Шумчанка: Па-першае, мы хочам паглядзець на тыя ўмовы, у якіх жывуць польскія прадпрымальнікі. Таму што сітуацыя ў Беларусі дэпрэсіўная . Мы хочам пабачыць, як працуе сярэдні бізнес, тое, у што малы бізнес Беларусі мае перайсці ў будучыні.

Вячаслаў Піліпук: Палякі змаглі стварыць эканамічны цуд. У Беларусі толькі дэкларуюць, што ў іх ўсё добра, а палякі моўчкі гэта зрабілі. Таму мы хочам пазнаёміцца з досведам польскіх калег. Магчыма, з’явяцца нейкія ідэі.

Анатоль Шумчанка: Сёння ў Беларусі ўмовы для бізнеса настолькі “дзівосныя”, што можна літаральна за адну хвіліну давесці да галечы любога прадпрымальніка. Гэта як выбіць з-пад ног шыбеніка табурэтку. Па законе – ўсё правільна адбываецца, і суды праходзяць, і пратаколы складаюцца, і акты падпісваюцца. Аднак у 99% выпадках адбываецца канфіскацыя тавару, калі выяўляецца парушэнне. Ёсць таксама заканадаўчыя акты, якія пакуль не выконваюцца ўладамі, але могуць запрацаваць у любы момант. Мы гэта наўпрост звязваем з палітычнай кампаніяй перад так званымі прэзідэнцкімі выбарамі ў краіне.  Магчыма ўлада нейкім чынам не хоча ствараць напружанасць у грамадстве. Таму для прадпрымальнікаў гэта часовая палёгка.

Сёння эканамічная сітуацыя не спрыяе развіццю бізнеса, акрамя гэтага розныя адміністрацыяйныя працэдуры створаныя такім чынам, каб трымаць прадпрымальнікаў “на кароткім павадку”. І ў любы момант мець магчымасць папаўняць дзяржаўную казну шляхам канфіскацыі і штрафаў.

Беларускія чыноўнікі прыкрываюцца законамі і дэкрэтамі, але нічога не робяць для народа. Калі няма канкурэнцыі, калі дзяржава не працуе ў інтарэсах простых грамадзян, тады няма нізкіх цэн, даступных рэсурсаў, у такіх умовах бізнес развівацца не можа. Я хачу падкрэсліць, што ў Беларусі малы бізнес з’яўляецца канкурэнтам чыноўнікаў, якія наўпрост вінавацяць нас у тым, што мы развалілі беларукую лёгкую прамысловасць. Чыноўнікі ва ўладзе бачаць нас не партнёрамі, а канкурэнтамі, з якімі трэба расправіцца, альбо выжыць з рынка. Але ўзамен яны нічога не даюць.

Вячаслаў Піліпук: Пакуль ва ўладаў не зменяцца адносіны да ўласнай маёмасці, не будзе руху наперад. Людзі ўлады – выхаванцы савецкай мадэлі. Гэта неэфектыўная камандна-адміністрацыйная эканоміка. І мяняць яны нічога не хочуць. Пра гэта мы заўсёды гаворым на форумах прадпрымальнікаў. Другім пунктам рэзалюцыі апошняга форума быў зварот да Лукашэнкі, каб ён адправіў у адстаўку увесь эканамічны блок. Што ён, дарэчы, і зрабіў. Але, на жаль, прыйшлі такія ж. Трэба набіраць сёння рыначнікаў.

І другі момант – чаму ў нас бачаць канкурэнтаў?  Таму што ва ўласнасці ўрада знаходзяцца заводы і фабрыкі, тая ж лёгкая прамысловасць.  А ва ўласнасці ўрада мусіць быць толькі працоўны стол, ліст паперы і ручка.

РР: 1 студзеня 2016 года – гэта магічная дата, пра якую ўсе гавораць. Улады ўжо даўно спрабуюць ўвесці абавязковую сертыфікацыю. Ці атрымаецца гэтым разам?

Анатоль Шумчанка: Тое, што сітуацыя будзе якасна новай, я не сумняюся. Вы нават не ўяўляеце, колькі ўсяго адбудзецца да 1 студзеня 2016 года. Таму я сыходжу з таго, што змагацца трэба сёння і зараз. Бо кожны дзень нам рыхтуе новыя выклікі. І сёння я б не стаў рабіць нейкіх прагнозаў. Адзінае, што хачу сказаць, законы гэтыя недзеяздольныя і выконвацца прадпрымальнікамі яны не будуць. Таму існуюць два варыянты: альбо варыянт канфрантацыі, альбо новыя перамовы і кампраміснае рашэнне. Гэтыя законы не выконваюцца ў краінах Мытнага звязу. Таму 1 студзеня прадпрымальнікі стануць перад выбарам – альбо жыць і змагацца, альбо сысці. Але яны будуць змагацца. Мы ўбачым новы віток супрацьстаяння, цікавыя падзеі, магчыма для кагосьці трагічныя.

Прадпрымальніцкая арганізацыя “Перспектыва”  адная з найбуйнейшых у Беларусі, якая займаецца абаронай правоў дробнага і сярэдняга бізнесу. На сённяшні дзень у Беларусі працуе каля 150 тысяч дробных прадпрымальнікаў.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Цалкам слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле.

Фота Людмілы Пракопавой