Прадпрымальнікі „Экспабел” дамагліся зніжэння арэнднай платы



Прадпрымальнікі гандлёва-забаўляльнага цэнтра „Экспабел” (Менскі раён) дамагліся зніжэння арэнднай платы на 50% на летнія месяцы, паведаміў БелаПАН старшыня праўлення РГА „Перспектыва” Анатоль Шумчанка.

Паводле яго слоў, арандатары атрымалі адказ ад кіраўніка адміністрацыі цэнтра, у якім гаворыцца, што арэндная стаўка будзе зніжаная на 50% з чэрвеня па жнівень бягучага года. ІП прапанавана не пазней за 15 мая скласці дадатковае пагадненне.

Як паведамлялася, 22 красавіка каля 200 арандатараў прыйшлі да будынка адміністрацыі ГЗЦ з патрабаваннем знізіць арэндную плату. Прадстаўнікі адміністрацыі паведамілі, што ім патрэбныя два дні для разгляду заявы арандатараў. 24 красавіка на паўторных перамовах з адміністрацыяй не ўдалося знайсці кампрамісу. 30 красавіка 70 прадпрымальнікаў яшчэ раз падалі ў адміністрацыю заявы з просьбай аб зніжэнні арэнднай платы. Адказ яны атрымалі 12 мая.

„Рашэнне адміністрацыі — гэта вынік актыўных дзеянняў прадпрымальнікаў і ўказа № 143 „Аб падтрымцы эканомікі”. Паводле нашай інфармацыі, прадпрымальнікі, калі б не было прынятае рашэнне адносна ГЗЦ” Экспабел”, маглі пераехаць на іншы рынак, які прапаноўваў стаўкі арэнднай платы ў два разы ніжэйшыя, чым на „Экспабеле”, — растлумачыў Шумчанка.

На яго думку, вялікую ролю ў прыняцці такога рашэння адміністрацыяй адыгралі СМІ, актыўнасць прадпрымальнікаў і дзеянне ўказа № 143, згодна з якім рэкамендавана арандадаўцам у залежнасці ад выручкі ісці прадпрымальнікам насустрач. „Адміністрацыя не магла ігнараваць рэкамендацыі прэзідэнта. Усё гэта разам дало такі вынік”, — лічыць кіраўнік прадпрымальніцкага аб’яднання.

Пры гэтым ён заўважыў, што ІП хацелі большага зніжэння арэндных ставак. „Паглядзім, што будзе далей”, — сказаў Шумчанка.

belapan.by