Прадпрымальнікі на свой страх і рызыку аднаўляюць працу



Большасць індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці і прыпынялі дзейнасць з 1 студзеня з-за ўступлення ў сілу ўказа № 222, да канца сакавіка выйшлі на працу. «Цяпер большасць прадпрымальнікаў выйшлі, працуюць на свой страх і рызыку. Але калі кантралюючыя органы зноў пачнуць праверкі і канфіскацыі тавару, то яны могуць зноў сысці», – сказаў лідар грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. На яго думку, на жаданне аднавіць працу многімі ІП паўплываў той факт, што з кастрычніка мінулага года не было ні адной канфіскацыі тавараў з-за парушэнняў у накладных. Акрамя таго, як лічыць Шумчанка, адбілася нядаўняе рашэнне Вярхоўнага суда на карысць менскай прадпрымальніцы Таццяны Паляковай. Шумчанка таксама паведаміў, што „Перспектыва” не адмаўляецца ад намеру правесці чарговы форум прадпрымальнікаў у Менску, а таксама ў некаторых рэгіёнах.