Прадпрымальнікі церпяць страты



Як беларускія прадпрымальнікі працуюць пасля таго, як у краіне ўвялі 30-працэнтны падатак на пакупку валюты? І што іх чакае ў новым годзе? Аб гэтым распавядае старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка.

Анатоль Шумчанка: Некаторыя іпэшнікі працуюць па старым курсе, іншыя праводзяць пераразлік… Кожны, як кажуць, працуе, зыходзячы са сваіх меркаванняў. Справа ў тым, што некаторыя да Новага года нават не падымалі кошты, таму што вялікага тавараабароту і так няма. Але, безумоўна, усе вымушаны працаваць па агульных патрабаваннях пры пакупцы валюты, і ў гэтым плане яны зазнаюць страты.

РР: Ці будуць іпэшнікі ў будучым падымаць кошты на імпартны тавар у сувязі з новым падаткам?

Анатоль Шумчанка: З часам – так, бо ўсе разлікі прывязаны менавіта да курса даляра. І, калі яны набываюць тавар за даляры (а даляр купляюць на 30 працэнтаў даражэй), то, безумоўна, страты будуць закладвацца ў кошт тавара. Але, паўтаруся, зараз не да гэтага. Напрыканцы году людзям неабходна аплочваць арэнду, падаткі, думаць пра навагодні стол…

РР: А наколькі паўплываў на работу беларускіх ІП абвал рубля ў Расеі?

Анатоль Шумчанка: Паўплываў, бо тавар жа многія купляюць менавіта ў Расеі. Многія расейскія партнёры сталі менш прапаноўваць тавара, менш закупляцца, а гэта адбілася і на нас. Зменшыўся асартымент, расейцы ў сувязі з крызісам сталі менш рабіць заказаў у Турцыі, Кітаі.

РР: Якія чаканні ў прадпрымальнікаў у Новым годзе?

Анатоль Шумчанка: Пакуль нявырашаныя праблемы ў частцы сертыфікатаў, наяўнасці дакументаў на тавар, бо з 1 сакавіка 2015 году іпэшнікі будуць працаваць толькі па дакументах. І, натуральна, усіх нас хвалюе эканамічнае становішча краіны, ад якога ІП залежаць наўпрост. Гэта вельмі важны складнік. Напэўна, нават важнейшы, чым усе нашы адміністрацыйныя пытанні.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя