Прадпрымальнікі пойдуць да міністэрства па падатках і зборах



Раней 14 сакавіка беларускія дробныя бізнесоўцы збіраліся выйсці на марш, каб чарговы раз пратэставаць супраць наступстваў указа кіраўніка дзяржавы нумар 222, але заяўку на правядзенне мерапрыемства улады не зацвердзілі. «Адмаўляцца ад сваіх планаў не збіраемся,» – кажа адзін з заяўнікаў акцыі, лідар аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка:

— Мы працуем над тым, каб 14-га сакавіка людзі маглі выказаць сваю пазіцыю і выказаць пад міністэрствам тое, што паводле іх яны хацелі адносна указа нумар 222. Іх пераарыентавалі на Міністэрства па падатках і зборах, орган, які з’яўляецца распрацоўшчыкам 222-га указа, адмініструе яго і адмаўляецца ад усіх кампрамісаў, якія прапаноўвае яму прадпрымальніцкая супольнасць.

Менскія гарадскія ўлады не далі дазвол на правядзенне маршу прадпрымальнікаў 14 сакавіка, які заяўлялі Анатоль Шумчанка і палітык Мікалай Статкевіч. Адна з прычынаў адмовы, час і месца правядзення мерапрыемства супадала з заяўкай ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі на правядзенне сацыяльнага маршу. Ад сваёй ідэі АГП адмовіліся, а заяўнікі маршу прадпрымальнікаў заяўляюць, што партыя зрабіла так наўмысна, каб улады знайшлі падставы ім адмовіць. Цяпер прадпрымальнікаў запрашаюць да Міністэрства па падатках і зборах, акцыя не санкцыянаваная уладамі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя