Прадпрымальнікі Віцебска спыняюць працу



З 1 студзеня віцебскія кірмашы і гандлёвыя цэнтры спыняюць працу. Мясцовыя прадпрымальнікі накіравалі ў Віцебскі гарвыканкам лісты з інфармацыяй  пра сваё рашэнне. Яно звязана з уваходам ў жыццё з новага году дэкрэту №222. Як адзначае старшыня аргкамітэту па стварэнні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яцкевіч, віцебскія прадпрымальнікі не сыходзяць на калядныя вакацыі: яны папярэджваюць, што не адновяць працу, пакуль на дзяржаўным узроўні не вырашацца іхныя праблемы:

– Людзі будуць закрываць свае крамкі. Будзе вісець абвестка, што мы не працуем, бо не ў стане выканаць нормы гэтага ўказа. Мы пісалі звароты і агучвалі нашыя прапановы кіраўніцтву краіны. Будуць пікеты. Мы напісалі адмысловы ліст, каб ніхто не казаў па тэлебачанні, што мы, нібыта, пайшлі ў адпачынак і хутка вернемся. Хопіць хлусіць! Мы больш не ў стане так працаваць.

Рашэнне спыніць працу на няпэўны тэрмін прадпрымальнікі прынялі на сходзе 27 снежня. Нагадаем, з 1 студзеня, паводле ўказу № 222, падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам, прадпрымальнікам дазволена гандляваць таварамі лёгкай прамысловасці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і паходжанне тавараў.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота eer.ru