Прадстаўнік Мінфіна РФ: Схаванага субсідавання Беларусі больш не будзе



Схаванага субсідавання беларускай эканомікі больш не будзе. Падтрымка, калі яна будзе аказвацца, атрымае злічальны характар, заявіў у інтэрв’ю агенцтву Reuters дырэктар дэпартамента падатковай і мытнай палітыкі Міністэрства фінансаў Расіі Аляксей Сазанаў.

Паводле яго слоў, зараз Масква і Менск вядуць перамовы аб кампенсаванні беларускаму боку наступстваў падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі. „Пакуль не да канца ўрэгуляваная сітуацыя з Беларуссю, якая просіць пэўную кампенсацыю ў сувязі з падаражаннем нафты для іх заводаў. Будзе нейкая кампенсацыя ці не — гэта пытанне перамоў”, — цытуе чыноўніка Reuters.

Але калі такая кампенсацыя будзе, дадаў ён, „гэта павінен быць „злічальны механізм”, калі ўсе будуць бачыць, якую суму ў год мы накіроўваем з бюджэту Расіі на падтрымку Рэспублікі Беларусь”.

„Калі мы давалі падтрымку ў выглядзе дыферэнцыяла ў пошлінах, ніхто гэтага нават не бачыў, гэта было нейкае схаванае субсідаванне эканомікі Беларусі. Цяпер, калі праводзіцца манеўр, усё гэта „ўсплывае” на паверхню, больш такога схаванага субсідавання ўжо не будзе”, — заявіў прадстаўнік Мінфіна Расіі.

На думку Сазанава, у выніку перагляду нафтавых дамоўленасцяў паміж Масквой і Мінскам адбудзецца „значнае „абяленне” ўзаемаадносін у гэтай частцы, і гэта вельмі добра”.

Прадстаўнік Мінфіна не пагадзіўся з пазіцыяй беларускіх уладаў, якія лічаць, што Расія несправядліва прыняла суверэннае рашэнне аб змене падатковага заканадаўства ў нафтавай сферы.

„Аднак змена падатковага заканадаўства не рэгулюецца ў межах пагаднення аб Еўразійскім саюзе. Гэта наша суверэннае права вызначаць падатковы рэжым унутры краіны, і ў рамках гэтага права мы яго крыху падкарэктавалі, не парушаючы ніякіх міжнародных пагадненняў”, — заявіў Сазанаў.

Ён таксама паведаміў, што Расія мае намер абмежаваць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь. „Беларусь мае прафіцыт па ўсіх нафтапрадуктах за кошт сваёй нафтаперапрацоўкі. Таму ім выгадна закупляць расійскія нафтапрадукты — больш танныя з улікам таго, што ў нас сацыяльна адказныя нафтакампаніі і кошты ніжэй, чым экспартная альтэрнатыва, — а свае нафтапрадукты вывозіць на экспарт і залічаць экспартныя пошліны у свой бюджэт”, — адзначыў прадстаўнік расійскага Мінфіна.

Паводле яго слоў, пастаўляючы нафтапрадукты ў Беларусь, расійскі бюджэт недаатрымлівае экспартныя пошліны. „Па сутнасці, гэта зноў прыхаваная форма субсідавання зараз ужо ўнутранага рынку Беларусі… Размова можа ісці аб аб’ёмах паставак ад 100 да 300 тысяч тон у год, але не аб двух мільёнах тон, як цяпер. Летась мы страцілі на гэтым 10 млрд рублёў, сёлета толькі за першае паўгоддзе — яшчэ 10 млрд”, — падкрэсліў кіраўнік дэпартамента.

Як паведамлялася раней, у першым паўгоддзі Беларусь істотна павялічыла імпарт нафтапрадуктаў з Расіі. Як стала вядома БелаПАН, з ініцыятывы расійскага боку ўжо падрыхтаванае рашэнне аб тым, што з чацвёртага квартала 2018 года Расія абмяжоўвае пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь і гатовая пастаўляць іх выключна для задавальнення ўнутраных патрэбаў рэспублікі.

Акрамя гэтага, праект міждзяржаўнага рашэння прадугледжвае, што паводле патрабавання расійскіх уладаў беларускія прадпрыемствы і дзяржаўныя органы павінны будуць абгрунтоўваць гэтыя ўнутраныя патрэбы.

Мінфін Беларусі ацэньвае выпадзенне прыбыткаў беларускага бюджэту пасля рэалізацыі падатковага манеўру ў Расіі ў 2019—2024 гадах прыкладна ў 4% ВУП на год.

belapan.by