Прадстаўнік МЗС: Беларусь выконвае 95% правіл СГА



Беларусь зараз выконвае ўжо каля 95% правілаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі, паведаміла начальнік аддзела СГА і ўніфікацыі гандлёвых рэжымаў упраўлення знешнегандлёвай палітыкі дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Вольга Казакевіч 31 студзеня ў Менску на семінары „Беларусь на шляху ў СГА”.

Казакевіч нагадала, што перамоўны працэс аб уступленні Беларусі ў арганізацыю працягваецца з 1993 года, гэта своеасаблівы рэкорд па працягласці. Перамовы на ўзроўні рабочай групы, у якую ўваходзяць 47 зацікаўленых краін — членаў СГА, былі фактычна замарожаныя з 2006 года і аднавіліся два гады таму.

„У Беларусі якраз у гэты перыяд не самым найлепшым чынам складваліся ўзаемаадносіны з некаторымі ключавымі членамі СГА, і нас проста не пускалі далей, не давалі правесці фармальна пасяджэнне рабочай групы, — патлумачыла прадстаўнік міністэрства. — Плюс у гэты перыяд пачалося фармаванне Мытнага і Еўразійскага эканамічнага саюза. На той момант ні Расія, ні Казахстан, ні Беларусь не былі членамі СГА, і першая думка была далучыцца „адзіным фронтам”. Але члены СГА гэта не падтрымалі, і ў нейкі момант працэс распаўся: Расія ўступіла ў 2013 годзе, Казахстан — у 2015 годзе. І пасля гэтага ў Беларусі з’явіўся шанец актыўна падысці да завяршальнага этапу ўступлення”.

Кіраўнік перамоўнай групы па ўступленні Беларусі ў СГА, пасол па асаблівых даручэннях МЗС Уладзімір Серпікаў падкрэсліў, што ў працэсе далучэння да арганізацыі назіраецца „розны аб’ём увагі да розных краін”. „Патрабаванні могуць быць больш ці менш шырокімі, у кожнай краіны працэс індывідуальны. Нікуды ад гэтага нам не падзецца. І з боку краін, якія развіваюцца, могуць быць розныя падыходы. Вядома, цудоўна, што ў нас гэты працэс актывізаваўся”, — сказаў дыпламат.

Серпікаў адзначыў, што пры уступленні ў СГА Беларусь спадзяецца на баланс нацыянальных інтарэсаў і міжнародных абавязацельстваў.

Як паведамлялася, чарговы раўнд перамоваў рабочай групы па ўступленні Беларусі ў СГА пройдзе 15 лютага ў Жэневе. Беларускай дэлегацыі засталося правесці перамовы па гандлі паслугамі з Еўрасаюзам, ЗША, Канадай і Украінай.

Зараз у арганізацыю ўваходзяць 164 дзяржавы, 22 працуюць над уступленнем.

belapan.by