Прадстаўнікі краін Балтыі ў Еўрапарламенце раскрытыкавалі бяспеку БелАЭС



Прадстаўнікі краін Балтыі раскрытыкавалі праект будаўніцтва Беларускай АЭС на пленарным пасяджэнні ў Еўрапарламенце 11 лютага падчас дэбатаў па пытанні бяспекі гэтай станцыі. Дэбаты прайшлі паралельна з галасаваннем па адпаведнай рэзалюцыі. Прамая трансляцыя вялася на сайце Еўрапарламента.

Еўрапарламентар Андрус Кубілюс (Літва) заявіў, што БелАЭС „пабудаваная рэжымам Лукашэнкі і кампаніяй „Расатам” усяго за 40 км ад цэнтра Вільнюса”, таму яна ўяўляе „відавочную і сапраўдную пагрозу нацыянальнай бяспецы” Літвы.

„Мы — невялікая краіна, — сказаў ён. — У выпадку аварыі нам няма куды бегчы і няма дзе хавацца. Я не супраць ядзернай энергетыкі ў цэлым, але за апошні год мы ўсе вельмі добра даведаліся, кім з’яўляецца спадар Лукашэнка. І лёгка зразумець, што празрыстасць, міжнародныя стандарты, незалежнасць ядзернага рэгулятара — нішто для гэтага рэжыму, што вельмі выразна паказалі мінулыя выбары”.

Кубілюс адзначыў, што хтосьці можа нагадаць пра АЭС побач з Бруселем або Антверпенам, але прапанаваў калегам падумаць, ці хацелі б яны, „каб Лукашэнка пабудаваў АЭС па праекце „Расатама” за лічаныя кіламетры ад вашага дома або ад будынка Еўрапарламента?” „Як вы ведаеце, камітэт канвенцыі Эспа прызнаў, што пляцоўка астравецкай АЭС была абраная з парушэннем канвенцыі, — заявіў ён. — Вы таксама павінны ведаць, што падчас будаўніцтва адбылося мноства сур’ёзных інцыдэнтаў, што многія рэкамендацыі па выніках стрэс-тэстаў дагэтуль не выконваюцца”.

„Вы таксама павінны ведаць, што гэта геапалітычны праект Крамля, скіраваны на тое, каб стрымаць нашу энергетычную незалежнасць і захаваць старую савецкую энергасістэму. Вось чаму мы змагаемся супраць гэтага праекта. Таму і дэмакратычная Беларусь на чале са Святланай Ціханоўскай таксама выступае супраць гэтага праекта. Менавіта таму мы вырашылі забараніць імпарт электраэнергіі з гэтай станцыі. Мы павінны зрабіць гэты праект эканамічна неплацежаздольным”, — сказаў Кубілюс.

Еўрапарламентарый Юозас Олекас (Літва) заявіў, што БелАЭС „пачала выпрацоўваць электраэнергію без вырашэння праблем бяспекі”, паколькі многія рэкамендацыі, якія былі дадзеныя ў 2018 годзе, не выкананыя.

„Мы не супраць ядзернай энергетыкі як такой, АЭС, якія бяспечна эксплуатуюцца, могуць забяспечваць чыстай і прадуктыўнай энергіяй, — падкрэсліў ён. — Але праблема астравецкай АЭС у тым, што электрычнасць пачалі выпрацоўваць без забеспячэння неабходнага ўзроўню бяспекі. Нам неабходна гарантаваць, каб камерцыйны запуск астравецкай АЭС не пачаўся да таго часу, пакуль не будуць выкананыя ўсе рэкамендацыі ENSREG у ядзернай сферы”.

Паводле яго слоў, Еўракамісія павінна працаваць з беларускімі ўладамі для забеспячэння таго, каб усе патрабаванні бяспекі выконваліся. Ён перакананы, што „нельга казаць пра менш важныя і больш важныя патрабаванні бяспекі, паколькі яны ўсе важныя”. Еўрасаюзу, лічыць Олекас, неабходна зрабіць так, каб „небяспечная электраэнергія не экспартавалася на еўрапейскія рынкі”, паколькі праца БелАЭС — пагроза для саюза.

Еўрадэпутат Броніс Ропе (Літва) сказаў, што ўзнімаў пытанні бяспекі БелАЭС у Еўрапарламенце з 2015 года. За гэты час, паводле яго слоў, „дзясяткі разоў у розных фарматах патрабавалі прыпыніць будаўніцтва і забяспечыць бяспеку гэтай АЭС”. Аднак гэтага не адбылося, „нягледзячы на патрабаванні Літвы, факты будаўніцтва станцыі ў Астраўцы з парушэнне міжнародных канвенцый, невыканання Беларуссю рэкамендацый па стрэс-тэстах, нягледзячы на ўсе вядомыя і невядомыя інцыдэнты пры будаўніцтве”.

„Сёння астравецкая АЭС ужо працуе на поўную магутнасць, але яе камерцыйная эксплуатацыя яшчэ не пачалася. У Еўракамісіі яшчэ ёсць шанец выканаць свае абавязкі і запатрабаваць прыпынення эксплуатацыі АЭС як мінімум да таго часу, пакуль не будуць выкананыя ўсе рэкамендацыі па стрэс-тэстах. Частковай іх рэалізацыі недастаткова, паколькі нават адзін пралік у наглядзе за бяспекай можа азначаць новы Чарнобыль”, — падкрэсліў Ропе.

Латвійскі еўрапарламентарый Іварс Іябс заявіў, што за лічаныя дзясяткі кіламетраў ад сталіцы краіны — члена ЕС „ужо некалькі месяцаў працуе АЭС, у бяспецы якой мы не зусім упэўненыя”. „Але можна быць упэўненым, што рашэнне аб эксплуатацыі гэтай АЭС прымае аўтарытарны рэжым, які вядзе барацьбу са сваімі грамадзянамі, — канстатаваў ён. — Мы перакананыя, што гэта геапалітычны праект Лукашэнкі і Пуціна, які быў спецыяльна размешчаны вельмі блізка да сталіцы Літвы, а таксама недалёка ад Латвіі. Гэта яўная пагроза для краін — членаў ЕС. Таму мы ўпэўненыя, што ЕС павінен дзейнічаць прагматычна і прынцыпова”.

„Краіны Балтыі ўжо робяць гэта — мы сумесна вырашылі спыніць імпарт электраэнергіі з Беларусі, як толькі астравецкую АЭС падключаць да сеткі, але гэтая электраэнергія можа трапляць на нашы рынкі праз Расію. <…> Мы разумеем, што ў ЕС няма інструментаў для спынення гэтай АЭС, якая не адпавядае сённяшнім міжнародным стандартам. Аднак у нас ёсць магчымасць не падтрымліваць аўтарытарны рэжым у выкарыстанні гэтай АЭС. Мы можам спытаць з Беларусі адносна выканання ўсіх стандартаў бяспекі і выканання рэкамендацый экспертаў, а таксама пачаць канструктыўнае супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі. У Еўропы ёсць магчымасць запатрабаваць з Беларусі адносна выканання ўсіх узятых на сябе міжнародных абавязацельстваў”, — заявіў Іябс.

Еўрадэпутат Рыха Тэрас (Эстонія) перакананы, што БелАЭС не адпавядае міжнародным стандартам бяспекі. Ён звярнуў увагу на тое, што беларускі ядзерны рэгулятар не з’яўляецца незалежным ад рэжыму органам, а таксама нагадаў, што „на АЭС ужо было некалькі тэхнічных праблем і інцыдэнтаў”.

„У Беларусі аўтарытарны рэжым, а аўтарытарныя рэжымы маюць тэндэнцыю хаваць свае праблемы. <…> Гэта ставіць пад пагрозу бяспеку еўрапейцаў, асабліва з краін, геаграфічна блізкіх да Беларусі. Таму мы не павінны дапускаць імпарту электраэнергіі з Беларусі на рынкі ЕС”, — падкрэсліў Тэрас.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца ў Гродзенскай вобласці, недалёка ад мяжы з Літвой, пераважна за кошт крэдыту Расіі па расійскім праекце ВВЭР-1200 (першы блок гатовы на 99%, другі — на 78%). Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам збудавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у дзяржкарпарацыю „Расатам”.

Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага года. 13 студзеня 2021 года блок вывелі на 100-працэнтную магутнасць. Зараз працягваецца перыяд яго доследна-прамысловай эксплуатацыі.

У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі ажыццявіць увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС загадана ў 2021 годзе (без указання канкрэтнага месяца, квартала або паўгоддзя), а двухблочнай атамнай станцыі ў цэлым — у першай палове 2022 года.

belapan.by