Прадстаўнікі малога бізнесу сабраліся на форум у Менску



Форум прадпрымальнікаў, арганізаваны рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем „Перспектыва”, праходзіць 23 красавіка ў культурна-дзелавым цэнтры „Дом Масквы”. На форум прыехалі каля 200 чалавек з 18 гарадоў Беларусі: Беразіна, Барысава, Берасця, Быхава, Віцебска, Гомеля, Гародні, Дзяржынска, Жлобіна, Жодзіна, Заслаўя, Крычава, Ліды, Менска, Магілёва, Маладэчна, Пінска, Слоніма.

На мерапрыемства таксама былі запрошаныя прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, шэрагу міністэрстваў — антыманапольнага рэгулявання і гандлю, эканомікі, па падатках і зборах, працы і сацыяльнай абароны, фінансаў і іншых. Чыноўнікі МПЗ і Мінпрацы сустрэчу праігнаравалі, але на форум прыйшлі прадстаўнікі дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі, МАРГ, Дзяржкамітэта па стандартызацыі.

Асноўнае пытанне сустрэчы тычыцца стварэння бяспечных умоў працы для індывідуальных прадпрымальнікаў, занятых у рознічным гандлі, паведаміў перад пачаткам форуму лідар „Перспектывы” Анатоль Шумчанка.

Мы будзем сёння гаварыць мовай лічбаў, і гэтыя лічбы пераканаўча сведчаць аб тым, што сёння інстытут індывідуальнага прадпрымальніцтва знішчаецца, — сказаў ён. — Колькасць ІП за пяць гадоў павялічылася на 7%, але колькасць тых, хто заняты ў рознічным гандлі, скарацілася на 31 тысячу чалавек, а гэта каля 30%. Гэта катастрофа. Калі чыноўнікі не зробяць нічога, каб выправіць гэтую сітуацыю, можна будзе дакладна казаць, што ІП рознічнага гандлю ў будучыні не будзе„.

Мы таксама хочам сёння распавесці аб новай канцэпцыі падыходу да бізнесу, у прыватнасці да прадпрымальнікаў. Трэба мяняць сітуацыю ў прынцыпе, пераходзіць ад агульнага да прыватнаму. Мы павінны перайсці ад агульнага да прыватнага. Працаваць трэба не ў агульным плане, а па кожным сегменце бізнесу — прапаноўваць кожнаму сегменту асаблівыя ўмовы і адсочваць кожны сегмент канкрэтна па паказчыках„, — заявіў Шумчанка.

Лідар „Перспектывы” дадаў, што, апроч іншага, „праблемы, якія нясуць пагрозу бізнесу, засталіся ранейшымі”.  БелаПАН