Прадукцыя 4 беларускіх прадпрыемстваў — пад узмоцненым кантролем Рассельгаснагляда



У сувязі з „выяўленнем падведамнымі Рассельгаснагляду лабараторыямі парушэнняў ветэрынарна-санітарных патрабаванняў Еўразійскага эканамічнага саюза і Расеі” Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе вырашыла ўвесці рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да паставак прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў, паведаміла прэс-служба ведамства.

Гаворка ідзе пра прадпрыемствы „Брэсцкія традыцыі” (выяўленне рэшткаў какцыдыястатыкаў (дынітракарбаніліду) у гатовай прадукцыі з мяса птушкі), „Старфуд” (рэшткі какцыдыястатыкаў (дэкаквінату і дынітракарбаніліду) у гатовай прадукцыі з мяса птушкі), Жыткавіцкае райспажыўтаварыства (бактэрыі групы кішачнай палачкі ў ялавічыне) і птушкафабрыку „Рассвет” (рэшткі какцыдыястатыкаў (дэкаквінату) у мясе птушкі).

Какцыдыястатыкі — рэчывы, прызначаныя для прафілактыкі і/або лячэння какцыдыёзаў (эймерыёзаў) у жывёл. Вынікам рэгулярнага ўжывання чалавекам прадукцыі з утрыманнем какцыдыястатыкаў можа стаць дысбактэрыёз, зніжэнне імунітэту, пастаянныя прастуды, алергічныя рэакцыі, парушэнне працы ўсіх сістэм арганізма, адзначае расейскае ведамства.

БелаПАН