Прадукцыя „Беларуськалія” праз Літву не будзе перавозіцца са снежня



Са снежня гэтага года прадукцыя „Беларуськалія” больш не будзе перавозіцца па літоўскай чыгунцы і праз Клайпедскі порт.

Міністр транспарту і камунікацый Марыус Скуодзіс паведаміў, што на гэта паўплывалі абвешчаныя ЗША ў панядзелак санкцыі, пад якія трапіў у тым ліку і «Беларуськалій».

Марыус Скуодзіс адзначыў, што перавозкі спыняцца, як толькі санкцыі ўвойдуць у дзеянне, а гэта здарыцца ў снежні, піша Delfi.lt.

— Кампаніі, калі ёсць суб’ект, які трапіў пад санкцыі, адмаўляюцца мець з ім якія-небудзь дзелавыя стасункі, пазбягаючы рызыкаў, і я магу цвёрда заявіць, што са снежня, калі санкцыі ўвойдуць у дзеянне, угнаенні перастануць перамяшчацца праз Літву, — заявіў міністр у чацвер.

У панядзелак, нагадаем, прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн падпісаў указ, які пашырае санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Менска.