Праект бюджэту на 2016 год прыняты ў другім чытанні



Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні 18 снежня прынялі ў другім чытанні законапраект „Аб рэспубліканскім бюджэце на 2016 год”.

Старшыня парламенцкай камісіі па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна паведаміла, што праект бюджэту быў сфарміраваны зыходзячы з прыярытэту сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і стаў „вынікам кампрамісу палітычных, эканамічных і сацыяльных інтарэсаў”. Паправак пры падрыхтоўцы законапраекта да другога чытання ў дэпутатаў не было, дадала яна.

Даходы па праекце рэспубліканскага бюджэту прадугледжаныя ў суме 180.590,2 млрд. рублёў, што вышэй за чаканае выкананне бюджэту 2015 года на 9,6%. Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў з’яўляюцца падатак на прыбытак, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці.

Расходы па праекце рэспубліканскага бюджэту на 2016 год сфарміраваныя ў суме 163.417,9 млрд. рублёў, гэта вышэй за чаканае выкананне бюджэту 2015 года на 6,9%.

Праект бюджэту сфарміраваны з прафіцытам у 17.172,4 млрд. рублёў.

На абслугоўванне дзяржаўнага доўгу з бюджэту ў 2016 годзе плануецца накіраваць больш за 20 трлн. рублёў.

Як паведамлялася раней, міністр фінансаў Уладзімір Амарын, прадстаўляючы напярэдадні законапраект у першым чытанні, зазначыў: „Наяўная эканамічная сітуацыя і высокі ўзровень даўгавой нагрузкі патрабуюць рэалізацыі жорсткай бюджэтнай і падатковай палітыкі, уцягвання рэзерваў, што маюцца на ўсіх узроўнях бюджэтнай сістэмы”. „Прадстаўлены праект бюджэту збалансаваны з улікам наяўных рэсурсаў і забяспечвае фінансаванне найважнейшых кірункаў дзяржаўнай палітыкі”, — заявіў кіраўнік Мінфіна.

Такім чынам, для прыняцця праекта бюджэту дэпутатам хапіла двух дзён. Дакумент паступіў у Палату прадстаўнікоў 16 снежня, 17 снежня — прыняты ў першым чытанні і сёння — у другім. Такі хуткі разгляд важнага законапраекта старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка растлумачыў тым, што „многія актуальныя пытанні ўдалося абмеркаваць на стадыі падрыхтоўкі законапраекта, дэпутаты ўносілі па ім свае праўкі, частка з якіх была ўлічаная”.

БелаПАН