Праект бюджэту на 2019 год не ўлічвае атрыманне кампенсацыі за падатковы манеўр
Праект рэспубліканскага бюджэту на наступны год не ўлічвае атрыманне Беларуссю кампенсацыі ад Расеі ў сувязі з падатковым манеўрам, паведаміла 18 снежня старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна.
Перад сённяшнім разглядам бюджэту ў першым чытанні дэпутат адзначыла, што ў дакумент закладзены базавы сцэнар.
„У даходах бюджэту кампенсацыйныя выплаты з боку Расеі не прадугледжаныя. Бюджэт сфармаваны па даходах як і ў ранейшыя гады. Бюджэт на наступны год сфармаваны з улікам базавага сцэнара”, — сказала Дабрыніна.
Яна адзначыла, што праект бюджэту на 2019 год сфармаваны з улікам росту ВУП на 2,1%, але ўрад разлічвае на эканамічны рост на больш высокім узроўні.
„Сцэнар развіцця эканомікі прагназуецца вышэйшым (у параўнанні з прагнозам, які закладзены ў бюджэт.)”, — адзначыла Дабрыніна.
Такім чынам, бюджэт „адаптаваны да эканамічных умоў”, заявіла яна, адказваючы на пытанне журналістаў пра ўплыў наступстваў падатковага манеўру на сітуацыю ў дзяржфінансах.
„Мы памятаем папярэднія гады, калі складанасці ўзнікалі ў пэўны перыяд, тое, што тычыцца прыярытэтных задач (зарплат, пенсій, дапамог), — яны вырашаліся. Тая падтрымка, якая ідзе насельніцтву, яна будзе забяспечаная. Тут няма ніякіх падстаў для хваляванняў з боку грамадства”, — падкрэсліла Дабрыніна.
17 снежня Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам членаў урада, заявіў, што сітуацыя вакол падатковага манеўру ў РФ выклікае неспакой у беларускага грамадства. „Мяне насцярожвае, што беларусы захваляваліся. Я хачу проста сказаць: хвалявацца абсалютна няма прычын. Гэта наша праблема — кіраўніцтва краіны, якую мы павінны вырашыць. Нават пры найгоршым варыянце нічога не абрынецца”, — сказаў ён.
Лукашэнка адзначыў, што у 2019 годзе, „калі раптам” Расея і Беларусь не дамовяцца, „то мы можам страціць прыблізна 400-500 млн долараў”. „Так, гэта вялікія грошы, але не катастрофа для краіны”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Як паведамлялася, Масква і Менск вядуць перамовы аб кампенсацыі Беларусі негатыўных наступстваў у сувязі з падатковым манеўрам ў Расеі. Беларускія ўлады ацэньваюць страты краіны ў 2019—2024 галах ў 10,8 млрд долараў. 25 снежня запланаваная сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расеі, на якой будзе абмяркоўвацца пытанне аб кампенсацыі Мінску страт у сувязі з падатковым манеўрам ў нафтавай сферы РФ.