„Прафанацыя, што не ўлічвае меркавання грамадзян Беларусі”
Старэйшая экалагічная арганізацыя Беларусі „Экадом” у адказ на арганізаваныя Дзяржатамнаглядам грамадскія слуханні пра атрыманне ліцэнзіі на другі энергаблок БелАЭС, ініцыявала заяву ад Нарады фракцый Каардынацыйнай рады, у якой назвала слуханні „прафанацыяй, што не ўлічвае меркавання грамадзян Беларусі і закрананых краін”.

Кажа сузаснавальніца і кіраўніца ГА „Экадом” Ірына Сухій:
– У Беларусі, як у „Залюстроўі”, усё наадварот. Слуханні – гэта, тыпу, народ слухае, і мы зараз вам усім раскажам. Самая вялікая ў вас магчымасць – гэта задаць пытанні на ўдакладненне. Адказаў па сутнасці там няма, адпіскі – гэта фармальнасць. Мы не ведаем, хто прымае рашэнні. І выклікае асцярогі, трывогу. Чаму, калі так усё добра, людзі не хочуць сказаць: так, я ўсё праверыў, адказваю за прынятае рашэнне?
Фармат грамадскіх слуханняў Дзяржатамнагляда пра атрыманне ліцэнзіі на другі энергаблок БелАЭС ад 8-га верасня насіў „умоўна адкрыты” характар. Анлайн-трансляцыя не вялася, а ўдзельнікі рэгістраваліся. Уся актуальная інфармацыя грамадскіх слуханняў пра БелАЭС у Беларусі была размешчана ў інфармацыйных крыніцах расейскай дзяржакарпарацыі „Расатам”.
Беларускае Радыё Рацыя
