Прафіцыт знешняга гандлю Беларусі за год упаў у пяць разоў
Знешні гандаль Беларусі таварамі і паслугамі застаецца прафіцытным. Аднак за год станоўчае сальда скарацілася больш як у пяць разоў, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка. На дынаміку паўплывала змяншэнне экспарту паслуг.
Агулам у студзені-красавіку абарот знешняга гандлю таварамі і паслугамі вырас на 14% да 30,5 мільярдаў даляраў. Экспарт павялічыўся амаль на дзесяць працэнтаў да больш як 15-ці мільярдаў даляраў, імпарт – на 18,4%. Пры гэтым у красавіку знешні гандаль Беларусі быў дэфіцытным, імпарт перавысіў экспарт на 40 мільёнаў даляраў.
Прафіцыт знешняга гандлю склаў 203 мільёны даляраў супраць 1 мільярда 167 мільёнаў за аналагічны леташні перыяд.
У Менску – антырэкорд на рынку працы
У Менску за май павялічыўся дэфіцыт работнікаў. На пачатак чэрвеня ў сталіцы наймальнікам не хапала больш за 30 тысяч чалавек. Гэта вынікае з дадзеных камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Менскага гарадскога выканкама. Для параўнання: на пачатак вясны было каля 27 тысяч.
Пры гэтым у сталіцы расце дэфіцыт медыкаў. Па стане на першага чэрвеня не хапала 2080 медсёстраў і 1733 лекараў-спецыялістаў. Таксама запатрабаваныя ў Менску інжынеры, фельдшары, выхавацелі, бухгалтары, эканамісты ды іншыя. Сярод рабочых спецыяльнасцей найбольш не хапае кухараў, кіроўцаў, электраманцёраў, слесараў, токараў, прадаўцоў, маляроў і некаторых іншых, піша “Зеркало”.
Яшчэ адзін банк перайшоў пры разліку па картах Mastercard на юані
“Белаграпрамбанк” з 8 чэрвеня змяніў валюту разлікаў з міжнароднай плацежнай сістэмай Mastercard з даляра на юань, пра гэта паведаміла яго прэс-служба. Новаўвядзенні закрануць разлікі за мяжой, у тым ліку ў замежных інтэрнэт-крамах і сэрвісах, а таксама аперацыі ў самой Беларусі, якія робяцца ў прыстасаваннях іншых банкаў у замежнай валюце.
Цяпер уладальнікаў карт Mastercard “Белаграпрамбанка” чакае падвойная канвертацыя пры разліках за мяжой, калі валюта карты адрозніваецца ад валюты аперацыі. Сума спачатку будзе канвертавацца ў юані, затым у валюту карты і толькі пасля гэтага спішацца з рахунку.
Раней шэраг беларускіх банкаў ужо перавялі разлікі з сістэмай Mastercard з еўра або даляраў на юані. Гэта зрабілі, у прыватнасці, Альфа-Банк, Белгазпрамбанк, БНБ-Банк, Статус Банк, паведамляе nashaniva.com.
Гомельскі “Спартак” будзе выпускаць шакалад са смакам колы
Гомельская фабрыка “Спартак” плануе павялічыць выпуск малочнага шакаладу з начынкамі, каб канкурыраваць на гэтым полі з заходнімі брэндамі. Сярод навінак, з якімі кандытары плануюць выйсці на рынак, шакалад з дадаткамі ў выглядзе папкорну, мармеладу, выбухной і салёнай карамелі, а таксама са смакам колы.
Лінія па вытворчасці тонкага пліткавага шакаладу з розным утрыманнем какава-прадуктаў адкрылася на “Спартаку” гэтай вясной. Раней фабрыка ўжо пачала выпускаць горкі шакалад з малінай і здробненым фундуком, апельсінам, а таксама з лімонам і імбіром. Каля 70% аб’ёму экспарту фабрыкі “Спартак” прыпадае на Расею.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота мае ілюстрацыйны характар