Прафсаюз РЭП падрыхтаваў „платформу патрабаванняў” да ўладаў



Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) падрыхтаваў шырокамаштабную «платформу патрабаванняў» да ўладаў па змене сітуацыі ў працоўнай, сацыяльнай і дзяржаўнай сферах. Дакумент, прыняты саветам прафсаюза ў кастрычніку, быў прэзентаваны 5 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Як адзначыў лідар Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) падрыхтаваў шырокамаштабную «платформу патрабаванняў» да ўладаў па змене сітуацыі ў працоўнай, сацыяльнай і дзяржаўнай сферах. Генадзь Фядыніч (афіцыйна ён лічыцца дарадцам-кансультантам), платформа распрацоўвалася на аснове паўгадавога аналізу праблем, з якімі ў прафсаюз звяртаюцца грамадзяне, і пытанняў, «якія сёння ёсць у грамадстве і не даюць людзям дыхаць».

«Безумоўна, разлічваць, што нейкая структура – РЭП ці нейкая партыя – возьме на сябе гэтыя патрабаванні і будзе змагацца за іх, няма сэнсу. Але мы падрыхтавалі гэтую платформу для таго, каб звярнуцца да грамадства. Калі грамадства захоча, каб яго правы ў Беларусі забяспечваліся, ёсць шанец аб’яднаць людзей і паступова на практыцы рабіць сваё жыццё лепшым», – растлумачыў Фядыніч.

Паводле яго слоў, платформа з патрабаваннямі да ўладаў будзе апублікаваная на сайце прафсаюза, у сацсетках і месенджарах. З дапамогай валанцёраў РЭП таксама мае намер распаўсюджваць платформу ў працоўных калектывах. Англамоўная версія гэтага дакумента будзе накіраваная ў замежныя пасольствы, структуры Еўразвяза і Міжнародную арганізацыю працы. «Найбліжэйшым часам, хутчэй за ўсё, пасля псеўдавыбараў, мы зробім падпісныя лісты, а таксама будзем збіраць электронныя подпісы пад платформай. Мы павінны рыхтаваць грамадзян, каб яны ў рэшце рэшт адчулі, што ад іх таксама сёе-тое залежыць», – сказаў Фядыніч.

Актывіст прафсаюза Вацлаў Арэшка дадаў, што РЭП разлічвае на супрацоўніцтва з грамадскім сектарам. «Ёсць паразуменне з незалежнымі прафсаюзамі Беларусі. Думаю, што гэтая тэма зацікавіць праваабарончыя арганізацыі, іншыя арганізацыі грамадзянскага сектара, магчыма, і палітычныя партыі падключацца да гэтага пытання», – адзначыў ён.

Пералічаныя ў платформе патрабаванні дзеляцца на чатыры тэматычныя блокі: праца, зарплата, пенсія; сямʼя і здароўе; сацыяльная дзяржава; дзяржава і грамадства.

Першы блок прадугледжвае патрабаванні аб адмене тэрміновых працоўных кантрактаў і аднаўленні бестэрміновай формы найму для ўсіх работнікаў, акрамя тых, хто выконваюць работы часовага характару. Прафсаюз таксама патрабуе адмяніць дэкрэты № 1 і 3 (так званыя дэкрэты аб дармаедах) і дэкрэт № 5, які зрабіў больш жорсткімі ўмовы працы і патрабаванні да работнікаў. Яшчэ адно патрабаванне – перагледзець памер мінімальнага спажывецкага бюджэту (цяпер 475,56 рубля) з улікам «рэальных патрэб усіх катэгорый грамадзян і цэн на прадукты, тавары і паслугі».

Памер мінімальнай зарплаты прафсаюз патрабуе ўсталяваць на ўзроўні не меншым за мінімальны спажывецкі бюджэт (МСБ) для працаздольных, а тарыфная частка ў структуры зарплаты павінна быць не меншай за 70–80%. Сярод іншых патрабаванняў: зраўнаваць работнікаў і працадаўцаў у правах, прыняць тэрмін іскавай даўніны па працоўных спрэчках з матэрыяльнымі патрабаваннямі ў адзін год (цяпер для работнікаў гэты тэрмін складае тры месяцы, для наймальнікаў – адзін год).

Акрамя гэтага, ад уладаў патрабуюць усталяваць памер дапамогі па беспрацоўі не менш за 70% ад сярэдняй зарплаты за апошні год. З дапамогай падатковых або крэдытных ільгот прафсаюз патрабуе стымуляваць малы і сярэдні бізнес да стварэння новых працоўных месцаў з зарплатай не менш за сярэднюю па краіне (1.117,8 рубля). Мінімальная працоўная пенсія павінна быць устаноўленая на ўзроўні не менш за МСБ для працаздольных. Тэрмін страхавога пенсійнага стажу прапанавана знізіць з 20 да 10 гадоў, уключыць у яго вучобу ў ВНУ, ССНУ, тэрміновую службу ў войску, дэкрэтны адпачынак і адпачынак па доглядзе дзіця, догляд інвалідаў і перыяды атрымання дапамогі па беспрацоўі.

Прафсаюз РЭП таксама патрабуе адмяніць паніжальны каэфіцыент пры налічэнні пенсій працоўным пенсіянерам, больш не павышаць пенсійны ўзрост да таго часу, пакуль сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі не павялічыцца мінімум на пяць гадоў.

У межах другога блока прафсаюз патрабуе даваць маладым семʼям права на аднаразовыя беспрацэнтныя крэдыты на будаўніцтва або куплю жылля на тэрмін не менш за 15 гадоў; абмежаваць кошт квадратнага метра жылля, якое будуецца, памерам сярэдняй месячнай заработнай платы па краіне; даваць трохтыднёвы аплачаны адпачынак бацьку пры нараджэнні дзіцяці; паэтапна перайсці на страхавую медыцыну; усталяваць грамадскі кантроль над фармаваннем цэн на лекі.

У трэцім блоку ад уладаў патрабуюць усталяваць льготы на ЖКП для пенсіянераў, семʼяў з дзецьмі, чый даход меншы за МСБ на чалавека; даваць студэнтам-платнікам доўгатэрміновыя беспрацэнтныя субсідыі на аплату навучання; усталяваць 50-працэнтныя льготы на праезд у грамадскім транспарце навучэнцам ССНУ, студэнтам ВНУ дзённай формы навучання, інвалідам; давесці памер стыпендый студэнтам да ўзроўню МСБ; усталяваць не менш як 30-працэнтныя льготы на лекі для грамадзян старэйшых за 60 гадоў і асоб з захворваннямі, якія патрабуюць пастаяннага прыёму лекаў, а таксама спыніць практыку навязвання лекаў беларускай вытворчасці.

У рамках чацвёртага блока прафсаюз РЭП патрабуе: правесці рэформу судоў – увесці сістэму абрання суддзяў усіх узроўняў і суд прысяжных; дазвольную форму рэгістрацыі прафсаюзных структур і іншых грамадскіх арганізацый замяніць на паведамляльную; забяспечыць бесперашкодную рэалізацыю права грамадзян на свабоду сходаў і выказвання меркаванняў; адмяніць для прафсаюзаў і іншых грамадскіх арганізацый аплату дзяржпаслуг пры правядзенні масавых мерапрыемстваў.

Ад уладаў таксама патрабуюць увесці адміністрацыйную адказнасць за прымус да ўступлення ў прафсаюзы і дыскрымінацыю работнікаў па прыналежнасці да прафсаюзаў, у заканадаўстве замацаваць паведамляльны прынцып пры правядзенні забастовак, усталяваць празрыстую для плацельшчыкаў сістэму падаткаабкладання, фармавання і расходавання бюджэтаў усіх узроўняў, адмяніць дарожны падатак.

Акрамя таго, прафсаюз РЭП патрабуе забяспечыць грамадзянам рэалізацыю права на змену і падсправаздачнасць улады на ўсіх узроўнях пры дапамозе «свабодных і кантраляваных грамадскасцю выбараў», абараніць незалежнасць Беларусі – не дапускаць небяспечных для суверэнітэту інтэграцыйных працэсаў і ўзмацнення палітычнай, эканамічнай і ваеннай залежнасці ад іншых дзяржаў.

Аўтары платформы заяўляюць, што пералік патрабаванняў не вычарпаны і ў перспектыве можа дапаўняцца.

БелаПАН