Прафсаюз РЭП падтрымаў страйкоўцаў „Беларуськалія”
Прафсаюз РЭП падтрымаў страйкуючых працоўных „Беларуськалія”. У сваёй адмысловай заяве прафсаюз нагадаў, што зараз ідуць кансультацыі паміж гэтым прадпрыемствам і яго партнёрам з Нарвегіі фірмай Яра (Yara). Яе заклікаюць спыніць супрацоўніцтва з „Беларуськаліем” за рэпрэсіі супраць працоўных.
Па словах Генадзя Фядыніча, напярэдадні Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў таксама выступіў з заявай па гэтай тэме. Але ў ёй, па меркаванні кіраўніцтва прафсаюза РЭП, не падкрэслена неабходнасць салідарнасці з пратэстуючымі і рэпрэсаванымі працоўнымі:
– Мы гаворым, што гэтыя заявы, якія прымае выканкам БКДП, яны павінны прымацца шырокім прафактывам і ўдзельнікамі стачкаму. Таму што гэта датычыцца іх лёсу, іх сямей. І мы бачым у першую чаргу сваё прызначэнне ў тым, што мы павінны бараніць сябраў прафсаюзу, людзей наёмнай працы. Мы не супраць, каб працавалі, напрыкад, замежныя фірмы. Але мы супраць, калі яны працуюць і на гэтых прадпрыемставах парушаюцца правы чалавека. Гэта недапушчальна!
Як падкрэсліў Генадзь Фядыніч, у заяве РЭПу выказваецца салідарнасць з працоўнымі, якія змагаюцца за дэмакратыю і лепшае жыццё ў краіне. „Мы таксама прапанавалі правесці круглы стол, каб абмеркаваць гэтую сітуацыю і выпрацаваць сумесныя, прадуманыя, салідарныя прафсаюзныя дзеянні ў падтрымку бастуючых. Неабходна распрацаваць рэкамендацыі па фармаванні сваіх адносін з замежнымі партнёрамі беларускіх прадпрыемстваў”, – сказаў Генадзь Фядыніч.
Беларускае Радыё Рацыя