Прагноз: экспарт беларускіх тавараў у 2021 годзе зменшыцца прыкладна на 10%



Экспарт беларускіх тавараў у 2021 годзе зменшыцца прыкладна на 10%. Такое меркаванне выказаў выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслаў Раманчук, каментуючы апошнія звесткі статыстыкі.

Як паведамлялася, знешнегандлёвы тавараабарот Беларусі за 2020 год склаў 61 млрд 659,3 млн даляраў. Адносна 2019 года ён скараціўся ў наяўных цэнах на 14,9%, вынікае са звестак Белстата. Экспарт тавараў склаў 29 млрд 40,5 млн даляраў (-11,9%), імпарт — 32 млрд 618,8 млн даляраў (-17,4%). Адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі за 2020 год склала 3 млрд 578,3 млн даляраў ЗША. Паводле вынікаў 2019 года сальда таксама было адмоўным — 6 млрд 521,6 млн даляраў.

На думку Раманчука, „падзенне экспарту — вынік зніжэння канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў, убогасці экспартнага асартыменту, няздольнасці праводзіць дыверсіфікацыю за кошт дэцэнтралізацыі структуры вытворчасці”. „Калі ўлады 20-25 гадоў думаюць, што статус нафтавага і калійнага „эміратаў” можа выратаваць і забяспечыць 100 млрд даляраў ВУП, то яны проста не ўмеюць лічыць. Таму падзенне экспарту — прадказальны і лагічны вынік для эканомікі, якая вагаецца разам з сусветнай кан’юнктурай на базавыя сыравінныя рэсурсы. Аснова экспарту была адбудаваная ў нафтавыя схемы, за кошт чаго краіна жыла, пераразмяркоўваючы рэсурсы для невялікай групкі наменклатурных бізнесменаў”, — падкрэсліў эксперт.

Ён лічыць, што перспектыў у такой мадэлі мала. „Калі будзе працягвацца такая кан’юнктура, то, натуральна, у 2021 годзе працягнецца падзенне экспарту як мінімум на 10%. Улады ўжо самі сціпла маўчаць пра дыверсіфікацыю гандлю паводле формулы: 30% — ЕАЭС, 30% — ЕС, 30% — далёкае замежжа. Так, ва ўмовах палітычнага крызісу рынак Еўрасаюза адышоў на другі план. Зноў Аляксандр Лукашэнка пагражае замясціць імпарт і кажа не купляць тое, што можам рабіць у нас. Мы ўпэўнена ідзем да статусу дзяржавы, якая выбудавала вакол сябе магутную жалезную заслону з тарыфных і нетарыфных абмежаванняў, і за такі рэжым заплацяць як самі вытворцы, так і спажыўцы”, — падсумаваў Раманчук.

belapan.by