Прагнозны кошт будаўніцтва БелАЭС не перавысіць 6 млрд даляраў



Прагнозны кошт праекта па будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі, што фінансуецца са сродкаў расейскага крэдыту, не перавысіць 6 млрд даляраў ЗША. Пра гэта гаворыцца ў размешчанай на партале праектаў нарматыўных прававых актаў РФ тлумачальнай запісцы да праекта пастановы ўрада аб папраўках у пагадненне аб расейскім крэдыце на будаўніцтва БелАЭС.

„Па стане на 1 верасня 2020 года выкарыстана сродкаў крэдыту на суму 4,5 млрд даляраў ЗША. Пратэрмінаваныя абавязацельствы беларускага боку паводле дамовы адсутнічаюць. Згодна са звесткамі дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энергіі „Расатам”, прагнозны кошт праекта па будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі, што фінансуецца са сродкаў крэдыту, не перавысіць 6 млрд даляраў ЗША”, — гаворыцца ў запісцы.

Адзначаецца, што дамоўленасці аб рэструктурызацыі крэдыту на будаўніцтва БелАЭС былі дасягнутыя на ўзроўні кіраўнікоў урадаў дзвюх краін у чэрвені 2020 года.

Пратакол аб унясенні змен у пагадненне прадугледжвае наступныя ўмовы рэструктурызацыі беларускіх абавязацельстваў: працяг перыяду выкарыстання крэдыту на два гады, да канца 2022 года; перанос даты пачатку пагашэння асноўнага доўгу па крэдыце з 1 красавіка 2021 года на 1 красавіка 2023 года. Акрамя гэтага, прадугледжаная замена дзейнай „змяшанай” працэнтнай стаўкі па крэдыце на фіксаваную працэнтную стаўку ў 3,3% гадавых.

Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расеі аб выдзяленні дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва БелАЭС ад 25 лістапада 2011 года прадугледжвала крэдыт да 10 млрд долараў ЗША.

Зараз Аляксандр Лукашэнка прапануе пабудаваць сумесны з Ленінградскай вобласцю порт на сэканомленыя пры ўзвядзенні БелАЭС сродкі. Паводле яго слоў, ён абмяркоўваў гэтае пытанне з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. „Мы вельмі шмат абмяркоўвалі гэтае пытанне, і я яму сказаў, што мы можам скааперавацца і пабудаваць у Ленінградскай вобласці свой прычал, порт. Ён загарэўся гэтым пытаннем. Мы гатовыя ўкласці ў порт, узяць крэдыт з сэканомленага і ўкласці ў будаўніцтва тэрмінала”, — паведаміў Лукашэнка 25 верасня ў Менску на сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці РФ.

Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца (Гродзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расійскага праекта ВВЭР-1200. У жніўні ў актыўную зону рэактара першага блока атамнай станцыі загрузілі 163 цеплавыдзяляльныя зборкі са свежым ядзерным палівам. З гэтага пачаўся фізічны пуск БелАЭС.

На сустрэчы з „палітычным актывам краіны” 16 верасня Аляксандр Лукашэнка абвясціў, што энергетычны пуск атамнай станцыі, пры якім АЭС пачне з нарастаннем выдаваць у сетку электрычнасць, запланаваны 7 лістапада. Увесці блок у эксплуатацыю, пры якім ён запрацуе на 100% магутнасці, плануецца ў першым квартале 2021 года.

Другі энергаблок станцыі плануецца запусціць у 2021 годзе з выхадам на поўную магутнасць у 2022-м.

belapan.by