Прагнозы на 2024 год ад урада Беларусі
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 307, якім зацверджаны найважнейшыя прагнозныя параметры развіцця краіны на 2024 год. Галоўнымі мэтамі эканамічнай палітыкі будучага года заявілі “забеспячэнне ўстойлівасці эканомікі і рост дабрабыту насельніцтва”.
Прырост ВУП у наступным прагназуецца на 3,8%, а дасягнуць гэтага збіраюцца за кошт маштабных інвестыцыйна-вытворчых праграм, рэалізацыі беларускай прадукцыі на знешнія рынкі і пашырэння ўнутранага попыту.
Інвестыцыі ў асноўны капітал маюць павялічыцца на 3,9% у супастаўных умовах, экспарт тавараў і паслуг — на 7,6%, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва — на 3,5%. Інфляцыю плануецца ўтрымаць на ўзроўні, які не перавышае 6%. Плануецца, што сярэдні налічаны заробак па краіне складзе 2087 рублёў.
Больш звольнілі, чым прынялі на працу
У Беларусі ў студзені-жніўні сёлета звольнілі 485,5 тысячы чалавек. Гэта на 61 тысячу больш, чым прынялі на працу. Такія даныя апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт. Праўда, у справаздачу не ўключылі малыя і мікра-прадпрыемствы.
Да прыкладу, за восем месяцаў года такі від дзейнасці як “Інфармацыя і сувязь” згубіў больш за 5,5 тысяч працаўнікоў. У апрацоўчай прамысловасці колькасць звольненых на 3,5 тысячы перавысіла колькасць узятых на працу. Таксама шмат работнікаў згубілі сферы будаўніцтва, гандлю, сельскай, лясной і рыбнай гаспадарак, транспартнай дзейнасці і лагістыкі, страхавой дзейнасці, адукацыі, аховы здароўя ды іншых. За тое на “плюс” выйшла сфера машынабудавання, у якой колькасць работнікаў вырасла амаль на 1400 чалавек.
Беларусы ў лідарах па набыцці кватэр у Польшчы сярод іншаземцаў
Іншаземцы ўсё часцей набываюць нерухомасць у Польшчы. Паводле статыстыкі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, у 2022 годзе людзі з замежнымі пашпартамі набылі іх больш за 14 тысяч. У першую тройку пакупнікоў уваходзяць беларусы, піша Fxmag.pl.
Але найбольш актыўнымі на польскім рынку нерухомасці з’яўляюцца грамадзяне Украіны, якім у мінулым годзе належала 6393 кватэры, што на 40% больш, чым у пазамінулым годзе. З пачаткам вайны гэтая колькасць сістэматычна павялічвалася. Другой па велічыні групай іншаземцаў, якія купляюць кватэры ў Польшчы, з’яўляюцца немцы, якія летась набылі 1400 жылых памяшканняў. На трэцім месцы аказаліся беларусы, якія купілі летась не менш як 1300 кватэр.
Сярэдняя цана за квадратны метр кватэры ў Варшаве – каля трох тысяч еўра. У Кракаве цэны амаль варшаўскія, а ў Беластоку сярэдняя цана – каля паловы ад варшаўскай (паводле “Белсат”).
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.