Пракуратура папярэдзіла аб незаконнасці заклікаў да масавага страйку
Пракуратура Беларусі папярэдзіла аб незаконнасці заклікаў да масавага страйку 3 жніўня, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія з’явіліся ў інтэрнэце. Пракуратура нагадала, што неабходна выконваць прадугледжаныя заканадаўствам захады пры падрыхтоўцы страйку.
Прадстаўнік прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці па Менску і Менскай вобласці Ігар Комлік лічыць, што прапісаныя ў заканадаўстве працэдуры падрыхтоўкі страйку настолькі заблытаныя і грувасткія, што пахаваюць любую ініцыятыву працоўных
– Але калі ў людзей на прадпрыемствах усё ж узнікне такая патрэба, а, напэўна, гэта адзіны і асноўны інструмент у руках працуючага чалавека, наёмнага рабочага, – страйк – самы дзейны інструмент. Гістарычна так склалася і выкарыстоўваецца не толькі ў Беларусі, а па ўсім свеце, то, напэўна, людзі, якія вырашылі правесці гэты страйк, маюць на гэта права і не будуць глядзець на зварот пракуратуры.
Незалежныя прафсаюзы ўжо даўно звяртаюць увагу на грувасткасць заканадаўства, якое фактычна забараняе праводзіць страйкі, – кажа Ігар Комлік, – таму мы падтрымліваем любыя дзеянні працоўных, якія накіраваны на абарону іх інтарэсаў і на абарону фундаментальных правоў чалавека. У тым ліку на права выказваць свае патрабаванні і меркаванні і абараняць іх.
Беларускае Радыё Рацыя