Прамысловыя прадпрыемствы Гародні працуюць у скарочаным рэжыме



Шэраг прамысловых прадпрыемстваў Гародні функцыянуе ў рэжыме скарочанага працоўнага тыдня. Гэта датычыць машынабудаўнічых і металаапрацоўчых заводаў, такіх як “Гандальмаш”, “Карданныя валы” і “Такарныя патроны”. Зазвычай на “чатырохдзёнку” ці “трохдзёнку” працоўныя пераходзяць на падставе ўласнаручна напісаных заяваў. Дырэкцыя прадпрыемстваў пад пагрозамі звальнення прымушае работнікаў дабравольна адмаўляцца ад паўнавартаснага працоўнага тыдня, што, на думку актывіста незалежных прафсаюзаў Васіля Корабава, яскрава акрэслівае сітуацыю, у якой апынуліся людзі:

–  Людзі, якім засталося працаваць да пенсіі гадоў 10, вельмі баяцца, што іх зараз звольняць, а новыя працоўныя месцы цяпер цяжка знайсці. Усюды ідуць скарачэнні працаўнікоў, падзенне заробкаў. І людзі не ведаюць, што рабіць. А да пенсіі мусяць адпрацаваць пэўную колькасць гадоў.

Галоўным чыннікам складанай фінансава–эканамічнай сітуацыі на прамысловых прадпрыемствах Гародні з’яўляецца неканкурэнтаздольнасць прадукцыі, якая ў большасці  накіравана на расейскага спажыўца. У сувязі з эканамічным крызісам Расея адмовілася ад паставак у былых аб’ёмах, што выклікала пераназапашванне прадукцыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота znk.by