Прамыя замежныя інвестыцыі скараціліся на 16%



У першым паўгоддзі ў Беларусь паступіла 1,09 млрд долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове (без уліку запазычанасці інвестару за тавары, работы, паслугі), гаворыцца ў бюлетэні Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года паступленне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове скарацілася на 16%.

Значны аб’ём прамых замежных інвестыцый, якія паступаюць у Беларусь, прыпадае на рэінвеставаны прыбытак (даход замежных акцыянераў беларускіх кампаній, які яны не выводзяць з краіны).

Між тым старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы ў ліпені на VI Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу, паскардзіўся на тое, што расійскія кампаніі ў 2019 годзе сталі актыўна выводзіць з Беларусі зароблены прыбытак.

„Мы ў Беларусі ствараем камфортныя ўмовы для працы расійскіх кампаній. Але нас турбуе тое, што кампаніі з расійскім капіталам, якія з’яўляюцца рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь, выводзяць з нашай краіны зароблены ў нас прыбытак, замест таго каб яго ў асноўным рэінвеставаць”, — сказаў Мясніковіч.

Ён звярнуў увагу, што ў 2018 годзе расійскія інвестары забралі з Беларусі 50% заробленага прыбытку, а ў першым квартале гэтага года — 75%.

„У прынцыпе гэта не супярэчыць беларускаму заканадаўству і міжнароднаму праву. Але хочам папрасіць расійскіх партнёраў не ставіць галоўнай мэтай забіранне сродкаў з Беларусі, а рэінвеставаць прыбытак”, — падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі.

У 2018 годзе ў Беларусь паступіла ў выглядзе прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове 1,6 млрд долараў. Урад у жніўні гэтага года паведаміў, што ў 2020 годзе чакае паступлення ў краіну 1,7 млрд долараў у выглядзе прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.

Праект нацыянальнай стратэгіі прыцягнення прамых замежных інвестыцый да 2035 года прадугледжвае, што ўжо ў 2025 годзе ў Беларусь паступіць 3 млрд долараў у выглядзе прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.

БелаПАН