Прастоі, праблемы са збытам



Пасля пачатку расейскага вайсковага ўварвання ва Украіну многія беларускія заводы і фабрыкі сутыкнуліся з праблемамі, якія наўпрост закранулі іх працоўныя калектывы.

Паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, у сакавіку і красавіку 2022 года ў краіне быў зафіксаваны рост прастояў і вымушанай няпоўнай занятасці. Кіраўніца ведамства Ірына Касцевіч лічыць, што вырашыць праблему можна часовым пераходам да іншага наймальніка, напрыклад, для ўдзелу ў сезонна-палявых працах.

«Чалавек таксама можа дадатковую капеечку зарабіць, калі ён яе страціў на сваёй вытворчасці», — заявіла Касцевіч у інтэрв’ю беларускаму дзяржтэлебачанню. Пра тое, як выглядае сітуацыя на прамысловых прадпрыемствах у рэгіёнах Беларусі, напісала DW.

Санкцыі адбіваюцца на выпуску газавых пліт

Завод «Брэстгазапарат» (гандлёвая марка Gefest) лічыцца адным з вядучых прадпрыемстваў у горадзе, яго кантрольны пакет акцый належыць расейскаму «Газпраму». Хоць асноўны рынак збыту прадукцыі прадпрыемства — гэта краіны постсавецкай прасторы (у прыватнасці, да нядаўняга часу на долю Gefest прыходзілася амаль палова продажаў газавых пліт у РФ), уведзеныя Захадам санкцыі таксама не абышлі бокам гэты завод.

«Брэстгазапарат» актыўна выкарыстоўвае імпартныя камплектуючыя. Як распавёў DW работнік прадпрыемства Сяргей, запасы такіх камплектуючых падыходзяць да канца, а з новымі пастаўкамі ёсць праблемы. «Кіраўніцтва проста на прахадной арганізавала імправізаваную выставу: расклалі на сталах тое, у пастаўках чаго маюць патрэбу, і прымаюць дэлегацыі з Расеі», — паведаміў працаўнік «Брэстгазапарата».

Пакуль на гэтым заводзе, дзе працаваць у берасцейцаў заўсёды лічылася прэстыжным і выгадным, спрабуюць захаваць усе ранейшыя выплаты сваім супрацоўнікам. Аднак многія з іх з трывогай абмяркоўваюць, што здарыцца, калі пытанне з камплектуючымі ў бліжэйшы час не будзе вырашана. Калі няма сыравіны і падаюць аб’ёмы — паменшыцца і зарплата

У «Санта» (ранейшая назва «Санта Брэмар»), іншай буйной берасцейскай кампаніі, таксама з’явіліся праблемы з пастаўкай сыравіны і абсталявання. «Санта» спецыялізуецца на выпуску прадуктаў харчавання, але пасля пачатку вайны ва Украіне вымушаная была прыпыніць экспарт не толькі ў гэтую краіну, але і ў Польшчу, а таксама ў краіны Балтыі. Паводле інфармацыі прэс-службы кампаніі, пастаўкі ў названыя дзяржавы складалі да 10% ад усяго аб’ёму яе прадукцыі.

Акрамя таго, у «Санта» адзначаюць, што праз інфляцыю назіраецца зніжэнне пакупніцкай здольнасці на асноўных рынках — у Беларусі і Расеі, што выклікала зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці яшчэ на 10%. Гэта прывяло да таго, што прадпрыемства спыніла прыём на працу новых супрацоўнікаў. Пры гэтым «Санта» абвергла інфармацыю аб тым, што з кампаніі могуць быць звольненыя да 1000 чалавек.

Самі работнікі прадпрыемства на ўмовах ананімнасці кажуць, што адміністрацыя бачыць выхад з сітуацыі, якая склалася, у тым ліку, у адпраўцы людзей у адпачынак за свой кошт. Зрэшты, пакуль гэта – з’ява не масавая, але зніжэнне выпуску прадукцыі адаб’ецца на заробках супрацоўнікаў. «Зразумела, што калі ў нашым цэху (дзе працуем з чырвонай рыбай) пастаўкі сыравіны моцна ўпалі, то і атрымаем мы ўжо зусім не тыя грошы, што было раней», — дзеліцца Аляксей, адзін з работнікаў «Санты».

Прастоі на Беларуськаліі

Адчуванне страты даходаў стала рэальнасцю і для жыхароў палескіх рэгіёнаў, якія працуюць на Беларуськаліі. З райцэнтра Берасцескай вобласці Лунінца да Салігорска – крыху больш за сотню кіламетраў. Такая адлегласць не лічылася перашкодай, паколькі заробкі ў беларускай сталіцы вытворчасці калійных угнаенняў пераважвалі ўсе астатнія нязручнасці.

Аднак цяпер, па словах лунінецкіх работнікаў „Беларуськалія”, сітуацыя выглядае зусім не вясёлкава. «Многія падраздзяленні цяпер прастойваюць — няма адгрузкі. Порт у Літве зачыніўся для нас праз санкцыі, а ў Адэсу калій таксама цяпер не павязеш — ва Украіне вайна», — тлумачыць Сяргей, які амаль дзесяць гадоў працуе на „Беларуськаліі”.

Паводле яго слоў, кіраўніцтва прадпрыемства абяцае, што пытанне вырашыцца пасля будаўніцтва партовага тэрмінала ў Расеі, але самі калійшчыкі разумеюць, што гэта планы зусім не бліжэйшай будучыні. У выніку амаль на ўсіх рудніках абвясцілі планавы рамонт, і вымушаны прастой адбіваецца на заробках.

Суразмоўца DW заўважае, што ягоныя калегі ўжо сур’ёзна задумваюцца аб змене працы, бо не бачаць перспектыў заставацца ў Салігорску: «У мяне сям’я, і я пакуль трымаюся, а хто маладзейшы — у актыўных пошуках. Усе ўсведамляюць, што санкцыі дзейнічаюць, як бы гэта ні спрабавалі схаваць улады Беларусі».

У беларускіх металургаў праблемы з лагістыкай

Рабочыя яшчэ аднаго знакавага для Беларусі прадпрыемства — металургічнага завода (БМЗ) у Жлобіне, што ў Гомельскай вобласці — таксама звяртаюць увагу на тое, што праз праблемы на вытворчасці чакаюцца масавыя прастоі. «Адміністрацыя прапануе ў траўні браць адпачынак за свой кошт на некалькі дзён, а ў астатні час таксама можа быць няпоўная занятасць, а гэта, вядома, адаб’ецца на зарплаце», — канстатуе работнік прадпрыемства, які назваўся Алегам.

Паводле яго слоў, падобная сітуацыя была пару гадоў таму, і тады людзі шукалі варыянты працаўладкавання на аналагічных заводах у Расеі. Але цяпер наўрад ці да гэтага дойдзе, бо расейская металургія таксама апынулася пад санкцыямі. Алег таксама звярнуў увагу на вялікія цяжкасці з транспарціроўкай прадукцыі са Жлобіна: раней значная яе частка для продажу ў Еўропу ішла па чыгунцы ў напрамку Адэсы. Пасля пачатку вайны ва Украіне гэты маршрут перастаў быць актуальным.

Кіраўніцтва БМЗ прызнае, што склалася напружаная сітуацыя, але абяцае паклапаціцца пра «ўзровень дабрабыту работнікаў». У афіцыйным Telegram-канале прадпрыемства з’явіўся каментар гендырэктара завода Дзмітрыя Корчыка, з якога вынікае, што, нягледзячы на стабільна высокі попыт на прадукцыю, «ёсць аб’ектыўныя складанасці з лагістыкай, але ні аб якой аптымізацыі і скарачэннях гаворкі і блізка не ідзе».

novychas.online