Пратэрмінаваная запазычанасць арганізацый па крэдытах вырасла ўдвая



Пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах і пазыках арганізацый Менска (без уліку мікраарганізацый і малых пазаведамаснай арганізацый) на 1 лютага 2017 года склала 367,1 млн рублёў. У параўнанні з 1 лютага 2016 года гэты паказчык павялічыўся ў 2,1 разу, з 1 студзеня — знізіўся на 3,7%, паведамляе галоўнае статыстычнае ўпраўленне Менска.

У цэлым запазычанасць па крэдытах і пазыках на 1 лютага 2017 года склала 13 млрд 242,6 млн рублёў, або на 5,4% менш, чым на 1 лютага 2016 года, і на 2,1% менш у параўнанні са студзенем гэтага года.

Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць за мінулы год павялічылася на 18,9% і на 1 лютага гэтага года склала 1 млрд 233,1 млн рублёў, за студзень — вырасла на 11,1%.

Знешняя пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць вырасла з лютага 2016 года на 27,2% і на 1 лютага 2017 года склала 476,4 млн рублёў. За студзень яна вырасла на 41,4%.

Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць вырасла за год на 28,1% і склала 2 млрд 456,4 млн рублёў, за студзень — на 9,1%.

Знешняя пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць за год знізілася на 11,1% і склала 587,8 млн рублёў. З пачатку студзеня яна вырасла на 1,7%.

Як адзначалі раней эксперты, праблемы з запазычанасцю прадпрыемстваў звязаныя са зніжэннем даходаў насельніцтва і звужэннем спажывецкага рынку — як унутранага, так і знешняга. Абавязак авансавых плацяжоў у бюджэт выклікае вымыванне абаротных сродкаў і вымушае прадпрыемствы браць крэдыты пад даволі высокія працэнты, якія потым складана вяртаць. Паляпшэння фінансавага стану беларускіх, у тым ліку сталічных, прадпрыемстваў сёлета эксперты не чакаюць.

БелаПАН