Пратэрмінаваная завінавачанасць арганізацый па крэдытах вырасла на 2,2%
Завінавачанасць беларускіх арганізацый па крэдытах і пазыках на 1 сакавіка 2021 года склала 95 млрд 107,9 млн рублёў. Гэта на 1,9% больш, чым на 1 студзеня 2021 года, і на 2,2% менш у параўнанні з паказчыкам на 1 лютага 2021 года, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Пратэрмінаваная завінавачанасць па крэдытах і пазыках арганізацый (без уліку банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, ААТ „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”, страхавых арганізацый, мікраарганізацый і малых пазаведамасных арганізацый) на 1 сакавіка бягучага года склала 2 млрд 833,6 млн рублёў. Паводле звестак Белстата, з пачатку года яна вырасла на 2,2%, у параўнанні з 1 лютага 2021 года — на 0,2%.
Знешняя пратэрмінаваная крэдыторская завінавачанасць з пачатку бягучага года вырасла на 4,3% да 1 млрд 61,3 млн рублёў, за люты — вырасла на 0,4%. У цэлым знешняя крэдыторская завінавачанасць за два месяцы знізілася на 4,4% (да 12 млрд 477,4 млн), у параўнанні з 1 лютага — вырасла на 2,5%.
Пратэрмінаваная крэдыторская завінавачанасць з пачатку 2021 года вырасла на 6,9% і на 1 сакавіка 2021 года склала 7 млрд 956,2 млн рублёў, за люты — вырасла на 2,1%.
Крэдыторская завінавачанасць на 1 сакавіка 2021 года склала 60 млрд 749,5 млн рублёў, або на 1,2% менш, чым на 1 студзеня 2021 года, і на 1,2% больш у параўнанні з паказчыкам на 1 лютага 2021 года.
Пратэрмінаваная дэбіторская завінавачанасць з пачатку года павялічылася на 6,4% і на 1 сакавіка 2021 года склала 8 млрд 254,8 млн рублёў (за люты — рост на 2,4%).
Знешняя пратэрмінаваная дэбіторская завінавачанасць за 2 месяцы зменшылася на 2,9% да 868,2 млн рублёў (за люты знізілася на 1,1%).
У цэлым знешняя дэбіторская завінавачанасць за два месяцы вырасла на 0,4% да 12 млрд 693,5 млн рублёў, у параўнанні з 1 лютага — вырасла на 2,3%.
Дэбіторская завінавачанасць на 1 сакавіка 2021 года склала 50 млрд 577,6 млн рублёў, або на 0,9% больш, чым на 1 студзеня 2021 года, і на 1,3% больш у параўнанні з паказчыкам на 1 лютага 2021 года.
Як паведамлялася, рыхтуецца да стварэння Агенцтва па кіраванні актывамі, якое шляхам продажу каштоўных папер (аблігацый) камерцыйным банкам будзе выкупляць у іх даўгі прадпрыемстваў са стратэгічных галін эканомікі. Паводле звестак БелаПАН, падрыхтаваны адпаведны праект дзяржаўнага рашэння. Праект указа плануецца прыняць „з мэтай стварэння ўмоў для фінансавага аздараўлення арганізацый рэальнага сектара эканомікі”. Згодна з дакументам, Агенцтва па кіраванні актывамі атрымае паўнамоцтвы эмітаваць аблігацыі.
За кошт сродкаў ад размяшчэння аблігацый агенцтва набывае актывы банкаў, „сфармаваныя па крэдытах, выдадзеных прамысловым прадпрыемствам, якія забяспечваюць функцыянаванне стратэгічна значных галін эканомікі”, гаворыцца ў праекце ўказа. Пасля выкупу даўгоў прадпрыемстваў у банкаў агенцтва, згодна з праектам дзяржаўнага рашэння, зможа даваць пазычальнікам адтэрміноўку (растэрміноўку) пагашэння асноўнага доўгу і працэнтаў за карыстанне крэдытамі.
Урад сёлета ў лютым абвясціў пра планы па змяншэнні даўгоў прамысловых прадпрыемстваў. „Адной з сур’ёзных праблем з’яўляецца высокая пазыковая нагрузка на рэальны сектар эканомікі. Па выніках 2020 года сумарная завінавачанасць арганізацый склала амаль 160 млрд рублёў і ў параўнанні з пачаткам года вырасла на 19%”, — адзначаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, выступаючы ў лютым на пасяджэнні ўрада. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што „з мэтай ліквідацыі так званага пазыковага навесу ўрадам даведзены да выканання паслядоўны план дзеянняў”.