Пратэст польскіх дальнабойшчыкаў на мяжы з Беларуссю працягваецца
Польскія дальнабойшчыкі, якія ладзяць пратэст у пункце пропуску “Карошчын” на польска-беларускай мяжы, кажуць, што канкурэнты з Беларусі прыдумалі такую хітрую схему абыходу санкцый, што ў пройгрышы засталіся польскія кіроўцы.
— Яны захопліваюць наш рынак, — адзначыў у эфіры люблінскага радыё адзін з пратэстоўцаў. Блакада памежнага пераходу ў „Карошчыне” — з беларускага боку гэта „Казловічы” — працягнецца два тыдні. Гэта адзіны пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы, дзе ўсё яшчэ могуць прайсці мытню вялікагрузы. Пратэстоўцы абавязваюцца прапускаць па адной машыне ў гадзіну, на мяжы ўжо сабраліся чэргі. Калі за гэтыя два тыдні дальнабойшчыкі не змогуць прыцягнуць увагу свайго ўрада, яны абяцаюць перакрыць яшчэ адзін пераход.
Сотні транспартных кампаній з Беларусі і Расеі рэгіструюцца ў Польшчы, каб абыходзіць санкцыі, піша выданне Wirtualna Polska. Яшчэ ў 2022 годзе беларускім і расейскім фурам забаранілі заязджаць у ЕЗ — але выявілася, што вырашыць гэтую праблему не надта складана.
У першым квартале тавараабарот паміж Беларуссю і РФ вырас на 22%
Пра гэта прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка паведаміў на сустрэчы з віцэ-прэм’ерам урада Дзянісам Мантуравым. Паводле Галоўчанкі, бакам не толькі ўдалося „стрымаць той эканамічны ўдар, які нам спрабавалі нанесці”, але і выйсці на „зусім іншую траекторыю развіцця”. Доказам гэтаму, як лічыць Галоўчанка, „з’яўляюцца аб’ёмы ўзаемнага гандлю”. Ён лічыць, што кааперацыйныя сувязі паміж прадпрыемствамі Беларусі і Расіі ўмацоўваюцца і сёння ў кожнай адзінцы беларускай прадукцыі ёсць „значная доля расійскага складальніка”.
У 2021 годзе Лукашэнка і Пуцін падпісалі дэкрэт, якім зацвердзілі 28 саюзных праграм інтэграцыі. З таго часу беларускія і расійскія чыноўнікі рэгулярна даюць справаздачу пра паспяховае выкананне гэтых дакументаў.
Правілы ўвозу грошай з Беларусі і Расеі ў Літву сталі больш строгімі
З наступнага года павялічацца штрафы за недакладна задэклараваныя наяўныя грошы, якія ўвозяцца ў Літву, іх можна будзе канфіскаваць. Парадак стаў больш строгім у сувязі з павелічэннем грашовага патоку, які перавозіцца праз мяжу з Расеяй і Беларуссю, піша LRT. Літоўскі Сейм прыняў такія папраўкі да Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і закону аб падатковым адміністраванні. Штрафы за першае правапарушэнне складуць ад 390 еўра да 1200 еўра, за паўторнае — ад 1 еўра да 3900 еўра. Таксама грошы могуць канфіскаваць.
Міністр фінансаў Гінтарэ Скайсце некалькі тыдняў таму, калі агучвала папраўкі Сейму, патлумачыла, што парадак становіцца больш строгім, бо значна павялічыўся паток грашовых сродкаў, якія вывозяцца праз мяжу з Расеяй і Беларуссю, як мяркуецца, з захопленых тэрыторый Украіны.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: radio.lublin.pl