Працэс перамоваў з Расеяй па цане на газ для Беларусі не спыняецца
Працэс перамоваў з Расеяй па цане на газ для Беларусі „не спыняецца, пастаянна працягваецца і будзе вырашаны”, заявіў журналістам 27 лістапада ў парламенце намеснік міністра энергетыкі Вадзім Закрэўскі.
Паводле слоў чыноўніка, ён ведае, якую цану на газ прапануе ўсталяваць Беларусь, але не мае права яе агучваць, бо не з’яўляецца „галоўнай асобай” у перамоўным працэсе. „Але логіка ў нас адна — калі ідзе гаворка пра пабудову Саюзнай дзяржавы, значыць, адпаведна, павінны быць агульныя даброты для дзвюх краін, двух народаў, — растлумачыў ён. — Калі мы аб’яднаемся і ў нас вырасце ад гэтага кошт газу, то апраўданы непакой кіраўніцтва з нагоды таго, як фарміруецца гэтая палітычная платформа”.
На дадатковае пытанне, ці мае намер Расея павялічыць цану на газ для Беларусі або пакінуць на цяперашнім узроўні, намеснік міністра энергетыкі адказаў: „Яны не гатовыя пакуль пераглядаць умовы, якія былі сфармаваныя для „Газпрома”. „Цяпер у нас 127 [долараў за тысячу кубаметраў газу]. Гэтая цана павінна быць перагледжаная, паглядзім, як будзе складвацца дыялог. <…> Яна можа атрымацца і большай. Можа атрымацца і так, што яны разлічаць яе і на больш высокім узроўні. Тады ўзнікае пытанне, навошта мы да 2021 года выбудоўваем блок новых эканамічных рэалій, але цяпер дапускаем такое ваганне”, — сказаў Закрэўскі.
Паводле яго слоў, Беларусь прапануе „раз і назаўсёды прыняць сістэмнае рашэнне” гэтага пытання, якое заключаецца ў тым, каб прывязаць кошт на газ „да нечага зразумелага”. „Мы пераглядаем цану год за годам, і гэта ненармальна, — перакананы ён. — Калі ў нас будуюцца празрыстыя адносіны, то трэба замацаваць падыходы. Яны павінны адбудоўвацца ад нейкіх зразумелых індыкатараў, якія мы, уласна, прапануем. Альбо гэта якісьці цэнавы пояс, іншыя індыкатары, якія, напрыклад, будуць фармавацца на расійскім рынку, мы не пярэчым. Але гэта павінны быць роўныя ўмовы гаспадарання. То бок, калі ў іх кошт газу вырасце ўнутры дзяржавы, то ён вырасце, адпаведна, у нас, мы гэта выдатна разумеем”.
„Расейская Федэрацыя заўсёды падкрэслівае, што яны маюць намер жыць у рынкавых умовах, калі адсутнічае цэнавае рэгуляванне на энерганосьбіты, — звярнуў увагу намеснік міністра энергетыкі. — Але ў іх саміх прысутнічае цэнавае рэгуляванне. Калі яны яго адменяць, толькі расейскаму боку і вядома. Мы кажам, што пакуль у іх ідзе цэнавае рэгуляванне, у нас яно таксама павінна быць. Нельга беларусаў выкінуць на канкурэнтны рынак біржавога гандлю, калі ў іх саміх у Расеі аптовыя цэны рэгулююцца”.
Паводле слоў Закрэўскага, 31 дарожную карту, вызначаную ў падтрымку праграмы „паглыбленай інтэграцыі” Беларусі і РФ, плануецца „запусціць адным пакетам з 2021 года”.
„Думаю, па электраэнергетыцы мы дарожную карту ўзгоднім, там у нас ёсць паразуменне. Я ўпэўнены, што яна будзе ўзгодненая. Па газе ёсць пэўныя рознагалоссі, урад гэтым займаецца цяпер. Але яшчэ раз скажу, што пытанне па цане на газ на 2020 год будзе вырашанае”, — падкрэсліў намеснік кіраўніка Мінэнерга.
belapan.by