Працоўныя пенсіі выраслі ў сярэднім на 5,4%
Згодна з указам № 409 ад 5 лістапада з 1 снежня працоўныя пенсіі выраслі ў сярэднім на 5,4% (з 458,25 рубля ў лістападзе гэтага года да 483 рублёў — у снежні).
Пра падпісаны ўказ Лукашэнкі паведаміў 6 лістапада на адкрыцці чатырох станцый трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. „Абавязкова трэба дапамагчы пенсіянерам, ветэранам. Гэта наша апора. Я ўчора падпісаў указ аб павышэнні (хоць трошкі) пенсій, каб рэальныя пенсіі не ўпалі”, — заявіў ён.
Лукашэнка лічыць, што „пенсіянераў важна падтрымліваць у любой сітуацыі, як бы ні было складана”.
Рэальны памер пенсій (з улікам росту цэн) у кастрычніку знізіўся ў параўнанні з вераснем на 0,6%, сведчаць дадзеныя Белстата.
Да мая бягучага года пенсіі зніжаліся восем месяцаў запар, у тым ліку ў студзені 2020 года — на 0,9%, у лютым — на 0,7%, сакавіку — на 0,9%, красавіку — на 0,6%. У маі зафіксаваны іх рост на 0,2%, у чэрвені адзначалася зніжэнне на 0,2%. У ліпені пенсіі выраслі на 5,2%, у жніўні — на 0,1%. У верасні пенсіі знізіліся на 0,9%.
На ўліку ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў кастрычніку 2020 года было 2 млн 491,4 тыс. пенсіянераў. Сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 458 рублёў, што ў 2,4 разу перавысіла афіцыйны бюджэт пражытковага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва.