Працуеш кіроўцам у Польшчы? Будзеш здаваць моўны экзамен



Улады Польшчы абавяжуць іншаземных кіроўцаў мець сертыфікат пра валоданне польскай мовай. Гэта закране і беларусаў, якіх шмат працуе ў гэтай сферы ў Польшчы. Адпаведная папраўка ёсць у праекце закона пра ўнясенне змяненняў у шэраг законаў.

Згодна з папраўкай, якую хутка павінна разгледзець профільная камісія Сената Польшчы, кожны кіроўца, які выконвае аўтамабільныя перавозкі (пасажырскія, грузавыя, міжнародныя), павінен мець сертыфікат аб валоданні польскай мовай на ўзроўні як мінімум А2.

Па даных арганізацыі “Польскі транспарт і лагістыка”, у польскіх кампаніях на міжнародных аўтамабільных грузавых перавозках занята каля 160 тысяч кіроўцаў — у асноўным з Украіны і Беларусі.

Стала вядома, на колькі вырас кошт навучання ў ВНУ Беларусі

Найбуйнейшыя ВНУ Беларусі вызначыліся з коштам для платнікаў на новы навучальны год. Гэтым разам кошт вырас не так значна, як летась, на 7%, піша БелТА. Год таму рост склаў у сярэднім 10%.

Так, у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі дзённае навучанне на папулярным факультэце камп’ютарных сістэм і сетак будзе каштаваць 4590 рублёў за год. У Акадэміі кіравання студэнтам дзённага аддзялення практычна па ўсіх спецыяльнасцях давядзецца заплаціць за год 4330 рублёў. У Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце – з 1 верасня дзённае навучанне на першым курсе абыдзецца ў 3948 рублёў. На кожным наступным курсе кошт будзе крыху ніжэй.

Медуніверсітэт ацэньвае кожную спецыяльнасць асобна. Напрыклад, навучанне па спецыяльнасцях “лячэбная справа” і “педыятрыя” каштуе 4430 рублёў, “стаматалогія” – 5182.

Яшчэ больш устаноў будуць лячыць платна ў выходныя і святы

У Беларусі ўдвая павялічыцца колькасць клінік з платнымі паслугамі ў выходныя і святы. У траўні завяршыўся эксперымент з платнай медыцынай, але ўжо ў жніўні ён адновіцца, вынікае з адпаведнай пастановы Савета Міністраў. Эксперымент з платнай медыцынай палягае на тым, што ў выхадныя і святочныя дні некаторыя медустановы па жаданні грамадзян аказваюць платныя паслугі, якія адносяцца да планавай першай, спецыялізаванай, высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі (за выключэннем медпаслуг, што аказваюцца дзецям, а таксама трансплантацыі органаў і тканак).

Змены закранулі спіс медустаноў — ён стаў большым. Калі раней гэта былі 6 навукова-практычных цэнтраў і 12 бальніц, то са жніўня ў пераліку лічацца 9 НПЦ, а таксама 30 бальніц: 15 у Менску, астатнія ў рэгіёнах — у Барысаве, Магілёве, Гародні, Лідзе, Гомелі, Віцебску і Берасці.

Крамам будуць даплачваць за продаж айчынных тавараў

Каб матываваць крамы больш актыўна прадаваць айчынныя тавары, улады ўвялі стымулюючыя выплаты. Адпаведная пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Атрымаць стымулюючыя выплаты аб’ект гандлю зможа толькі ў тым выпадку, калі не мае перад пастаўшчыком пратэрмінаванай запазычанасці за набытыя раней тавары.

Раней урад Беларусі падкрэсліваў, што адна з ключавых задач дзяржавы на спажывецкім рынку — максімальная падтрымка беларускіх вытворцаў

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з адкрытых крыніц.