Праваабаронцы заклікалі бізнэс публічна выступіць супраць парушэнняў правоў чалавека 



Беларускія праваабаронцы заклікаюць прадстаўнікоў бізнесу публічна выступіць супраць гвалту і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Адпаведная заява апублікавана на сайце Беларускага ПЭН-цэнтра. Як паведамляе БелаПАН, у дакуменце адзначаецца, што прэзідэнцкія выбары прайшлі ў «беспрэцэдэнтнай атмасферы страху і запалохвання грамадства, на фоне рэпрэсій, якія пачаліся фактычна адразу пасля пачатку выбарчай кампаніі і не спыняюцца дагэтуль».

«Абвешчаныя ўладамі вынікі выбараў не прызналі шэраг дзяржаў, у тым ліку ЗША, Канада, Вялікабрытанія і краіны Еўразвяза. Дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі на мірныя пратэсты, улады адрэагавалі на іх неадэкватным ужываннем сілы і спецыяльных сродкаў».

У сілу гэтых прычын, лічаць праваабаронцы, у цяперашняй сітуацыі дзяржава выкарыстоўвае бізнэс як элемент механізму рэпрэсій для аказання ціску на палітычных апанентаў і людзей, якія актыўна выказваюць грамадзянскую пазіцыю.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ў такіх абставінах, любая кампанія, якая працуе сёння ў Беларусі альбо мае бізнэс-сувязі з беларускімі партнёрамі, як дзяржаўнымі, так і прыватнымі, мае рызыкі стаць датычнай да парушэнняў правоў чалавека (прамым або ўскосным) і ў выніку панесці рэпутацыйныя і фінансавыя страты.

Праваабаронцы заклікалі замежныя кампаніі, якія працуюць у Беларусі, давесці да ведама беларускіх партнёраў непрымальнасць паводзін, якія парушаюць правы чалавека, у тым ліку, любога пераследу за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі.

Беларускае Радыё Рацыя