“Праз год-два ўсе маршруты пераарыентуюцца на ўсходні напрамак”



Праз год-два ў Беларусі не будзе праблем з лагістыкай, бо ўсе маршруты будуць пераарыентаваныя на ўсходні кірунак, пра гэта заявіў кіраўнік беларускай дыпмісіі ў Расіі Дзмітрый Крутой, піша “Спутнік”.

Пры гэтым Крутой адзначыў, што праблемы з адгрузкай прадукцыі праз Захад адчуваюць і кампаніі, якія не падпадаюць і ніколі не падпадалі пад санкцыйныя абмежаванні. У сувязі з гэтым, на думку Крутога, адказ адзін — шукаць новыя маршруты і пераарыентавацца на ўсход.

Беларусь, кажа ён, у гэтым кірунку ўжо зрабіла вельмі вялікую працу, пераарыентаваўшы больш за 10 мільёнаў тон грузаў за кароткі прамежак часу па маршрутах, па якіх раней ніколі не працавала. “І цяпер гэтыя каналы проста пашыраюцца, маштабуюцца. І калідоры Поўнач і Поўдзень, Далёкі Усход, Сібір, Урал — гэта выдатныя маршруты. Кантэйнерныя цягнікі ў Кітай. Прыкладаў дзясяткі, сапраўды”, — адзначыў пасол.

Да канца года інфляцыя ў Беларусі можа паскорыцца

Так лічаць эксперты Еўразійскага банка развіцця. На рост цэн могуць паўплываць павелічэнне спажывецкага попыту і паслабленне рубля. Да канца года, лічаць у ЕАБР, інфляцыя ў Беларусі разгоніцца да 7,8%.

Нагадаем, па выніках траўня гадавы паказчык інфляцыі склаў 3,7% ( да траўня 2022 года). У траўні ў параўнанні з красавіком у Беларусі нават была зафіксавана дэфляцыя. Цяперашняе запаволенне інфляцыі эксперты звязваюць выключна з уплывам адміністрацыйнага кантролю за цэнамі.

JYSK ліквідуе кіруючую кампанію ў Беларусі

Як даведаўся Office Life, латвійскі франчайзі вядомага брэнда ў траўні гэтага года прыступіў да ліквідацыі мясцовай кіруючай кампаніі “Йуск”. Аб спыненні працы на беларускім рынку дацкі рэтэйлер і яго партнёр аб’явілі ў красавіку мінулага года. У ліпені, праўда, зноў адкрыліся дзве крамы Jysk у Менску — але толькі для таго, каб зладзіць фінальны распродаж.

Jysk прысутнічала на беларускім рынку з 2016 года. Франшызу на яго атрымала латвійская кампанія Do it, якая да таго часу адкрыла каля 30 кропак брэнда ў краінах Балітыі. На Беларусь у яе былі таксама шырокія планы: за 10 гадоў у краіне хацелі стварыць сетку з 25 крам.

На момант спынення дзейнасці дзейнічала 10 крам Jysk. Акрамя Менска маркеты з’явіліся ў Гародні, Берасці, Магілёве, Маладзечне, Бабруйску і Пінску. Таксама была запушчана інтэрнэт-крама.

Ад развіцця штучнага інтэлекту пацярпяць работнікі разумовай працы

Паводле новай справаздачы кампаніі McKinsey, сусветны бум укаранення штучнага інтэлекту распачне эпоху значнага росту прадукцыйнасці і большага росквіту для адных і глыбокіх узрушэнняў для іншых, у першую чаргу для работнікаў разумовай працы. На гэта звяртае ўвагу Bloomberg, спасылаючыся на нядаўна апублікаванае даследаванне аўтарытэтнай міжнароднай кансалтынгавай кампаніі, якая спецыялізуецца на рашэнні задач, звязаных са стратэгічным кіраваннем.

Падчас даследавання разгледзелі 63 варыянты выкарыстання генератыўнага штучнага інтэлекту (ШІ) прыкладна ў 850 прафесіях. Гэта тып ШІ можа генераваць тэкст, малюнкі, музыку або іншыя медыяданыя на аснове падказкі. З аднаго боку, гэта можа прыносіць вялікія даходы, з іншага – шмат людзей могуць застацца без працы.

Беларускае Радыё Рацыя