Прэферэнцый па аплаце электраэнергіі для насельніцтва пасля запуску БелАЭС не будзе
Жыхарам Беларусі не прадугледжваецца даваць прэферэнцыі па аплаце электраэнергіі пасля ўводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС, заявіў віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка ў інтэрв`ю газеце „Астравецкая праўда”, апублікаваным 23 ліпеня на сайце гэтага друкаванага выдання.
„Прэферэнцыі плануюцца для рэальнага сектара эканомікі, які моцна перагружаны, — адзначыў чыноўнік. — Да прыкладу, два аўтамабільныя гіганты — беларускі МАЗ і расійскі КамАЗ, якія працуюць на адных і тых жа еўразійскіх рынках, купляюць электраэнергію па розным кошце. МАЗ плаціць 11 цэнтаў за кілават-гадзіну, а КамАЗ — 4,5 цэнта. Думаю, не варта тлумачыць, чыя прадукцыя будзе больш канкурэнтаздольная на рынку. І гэта тычыцца не толькі гэтых прадпрыемстваў”.
Сямашка таксама падкрэсліў, што Беларусь павінна паступова адмовіцца ад перакрыжаванага субсідавання і перайсці да таго, каб грамадзяне цалкам кампенсавалі сабекошт электраэнергіі і іншых спажываных імі рэсурсаў.
„У Беларусі сёння самы нізкі тарыф на электраэнергію для насельніцтва, — сказаў віцэ-прэм`ер. — На Захадзе насельніцтва плаціць за электраэнергію ў два-тры разы больш, чым прамысловыя прадпрыемствы. Напрыклад, у Германіі каля 8,5 цэнта за кілават-гадзіну плаціць прамысловы вытворца, а насельніцтва — каля 27 цэнтаў. А ў нас наадварот: 11,5 цэнта плаціць той жа МАЗ, а прыватныя спажыўцы — каля 5 цэнтаў. Таму тарыф для насельніцтва паступова будзе падымацца — вядома ж, не абы-як, а па меры росту рэальнай заработнай платы. Людзі павінны аплачваць рэальны кошт гэтай кілават-гадзіны. Сёння ж насельніцтва аплачвае каля 80% ад сабекошту электраэнергіі, газу — і таго менш: каля 43%”.
Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.
Фота tut.by