Прэм’ер-міністр раскрытыкаваў праграму кіравання дзяржфінансамі да 2025 года



Праект дзяржпраграмы „Кіраванне дзяржаўнымі фінансамі і рэгуляванне фінансавага рынку” на 2019-2020 гады і на перыяд да 2025 года ўтрымлівае шэраг недахопаў.

Як вынікае з паведамлення прэс-службы Саўміна, да такой высновы прыйшоў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас.

Праект дзяржпраграмы абмяркоўваўся на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў 19 жніўня.

Румас адзначыў, што асноўная мэта дакумента — „запраграмаваць” бюджэтныя выдаткі па гадах і „пачаць сістэмна вырашаць такія складаныя пытанні, як высокі ўзровень дзярждоўгу, фіскальныя рызыкі ў працы рэальнага сектара, нераўнамернасць развіцця рэгіёнаў”.

Паводле слоў прэм’ера, неабходна зніжаць падатковую нагрузку з тым, каб стымуляваць эканамічную актыўнасць, аднак праект дзяржпраграмы гэта не прадугледжвае.

„Зыходзячы з матэрыялаў, падатковая нагрузка зафіксавана з 2019 па 2025 год на адным узроўні — не больш за 26% ВУП. Гэта нават вышэй, чым ёсць, — 24,7%. Пры гэтым падатковая нагрузка разлічана без уліку ўзносаў у ФСАН, што фактычна не адлюстроўвае рэальнага становішча спраў”, — сказаў Румас.

Ён таксама падкрэсліў, што ў праекце дзяржпраграмы „не праглядаецца скарачэння аб’ёмаў не выкананых арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі абавязацельстваў перад бюджэтам і адсутнічаюць мэтавыя паказчыкі росту экспарту і інвестыцый”.

„Акрамя таго, па праекце праграмы ёсць няўлічаныя заўвагі, у асноўным яны звязаны з пытаннямі аказання дзяржаўнай падтрымкі”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Мяркуецца, што дзяржпраграма кіравання фінансамі будзе ўключаць восем падпраграм.

У чэрвені міністр фінансаў Максім Ермаловіч заяўляў журналістам, што адным з кампанентаў дзяржпраграмы стане стратэгія кіравання дзярждоўгам.

Ён адзначаў, што дзяржаве ўдалося пазбавіцца ад дарагіх запазычанняў. „Партфель знешніх пазык мы нядрэнна „расчысцілі” для зніжэння іх кошту”, — сказаў Ермаловіч, адказваючы на пытанне БелаПАН.

Пры гэтым ён паведаміў, што „сёння самы дарагі для нас інструмент запазычання — еўрабонды, там няма датэрміновага механізму выканання абавязацельстваў”.

Мінфін раней заявіў, што плануе скараціць узровень дзярждоўгу да 25% да ВУП у 2025 годзе. Па стане на 1 ліпеня дзяржаўны доўг Беларусі склаў 35,1% да ВУП.

БелаПАН