Прэс-служба ФМС пацвердзіла, што беларускія мытнікі аднавілі працу на мяжы з Расеяй
Беларускія мытныя службы аднавілі працу на мяжы з Расеяй. Дагляду падвяргаюцца як грузавыя, так і легкавыя аўтамабілі. Першыя праверкі пачаліся 6 снежня. Пра гэта паведамляе прадстаўнік расейскай Федэральнай мытнай службы Алена Грач.
– Прэс-служба ФМС пацвердзіла, што беларускія мытнікі аднавілі кантроль. З расейскага боку мытнага кантролю не адбываецца. Мы не каментуем ні чэргі і нічога іншага, вам лепш на месцы ў Беларусі ўдакладняць інфармацыю.
Паводле паведамленняў з мяжы, утварыліся даволі вялікія чэргі. Беларускія дзяржаўныя органы абвяргаюць гэтую інфармацыю.
Раней паведамлялася, што беларускія мытнікі сталі правяраць увесь транспарт на мяжы, які едзе ў абодвух напрамках. Мытны кантроль на мяжы Беларусі і Расеі не праводзіўся з 1 ліпеня 2011 года. Тады ўступіў у сілу адпаведны пункт дамовы аб стварэнні Мытнага саюза паміж Расеяй, Беларуссю і Казахстанам.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя