Продаж беларускіх „МАЗаў” у Расеі зменшыўся на 40%
У студзені-сакавіку 2016 года ў Расеі было прададзена 617 новых грузавых аўтамабіляў Менскага аўтамабільнага завода. Такія звесткі прыводзіць расейскае аналітычнае агенцтва „Автостат”, якое спецыялізуецца на вывучэнні рынку транспартных сродкаў Расіі.
Варта зазначыць, што ў першым квартале ў Расеі было прададзена 10,1 тыс. адзінак новых грузавых аўтамабіляў, што на 23,7% менш, чым за аналагічны перыяд 2015 года. Пры гэтым тэмп зніжэння продажу беларускіх грузавых аўтамабіляў „МАЗ” на расейскім рынку апынуўся яшчэ большым, паведамляе „Автостат”. Так, калі ў першым квартале 2015 года былі рэалізаваныя 1.053 грузавыя аўтамабілі „МАЗ” (масай больш за 3,5 тоны), то за аналагічны перыяд 2016 года — 617 аўтамабіляў.
Варта зазначыць, што продаж аднаго з асноўных канкурэнтаў менскага аўтазавода на расейскім рынку — КАМАЗа — таксама некалькі знізіліся, аднак у значна меншай ступені, чым у беларускага вытворцы. У студзені—сакавіку 2016 года камскі аўтазавод прадаў на расейскім рынку 4.298 грузавых аўтамабіляў, што на 2,8% менш у параўнанні з першым кварталам 2015 года.
Пры гэтым доля КАМАЗа ў агульным аб’ёме продажу на расейскім рынку новых грузавых аўтамабіляў склала ў першым квартале 2016 года 42,6% і павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 9,3 працэнтнага пункта. Доля беларускага МАЗа ў агульным аб’ёме продажу новых грузавых аўтамабіляў у Расеі склала ў студзені-сакавіку 2016 года 6,1% і знізілася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 1,9 працэнтнага пункта.
Нагадаем, 7 красавіка Менскі аўтамабільны завод наведваў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што дзяржпадтрымка прадпрыемству можа быць аказаная толькі пад канкрэтныя рынкі збыту. „Вы атрымаеце грошы, магчыма і кітайскія крэдыты, толькі тады, калі пакажаце, што ў вас ёсць рынкі, куды прадасце гэтую прадукцыю. У адваротным выпадку не дамо ні капейкі”, — сказаў ён.
Кажучы пра асваенне новых рынкаў збыту, Лукашэнка заўважыў, што ўжо даўно і настойліва ставіць адпаведную задачу перад Менскім аўтамабільным заводам. „Я ад вас гэтага патрабую. А то не паспеў я сюды прыйсці, як вы мне пачалі расказваць пра Расею (расейскі рынак). Мы ўжо 25 гадоў як незалежная дзяржава. У Расеі свае праблемы. Так, там рынак, які вы здалі. Сёння гэты рынак вельмі лёгка адваяваць. Але туды трэба прадаць якасную, прыгожую, надзейную тэхніку па канкурэнтнай цане”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
belapan.by