Продаж беларускіх „МАЗаў” у Расеі знізіўся на трэць



Продаж новых грузавых аўтамабіляў Менскага аўтамабільнага завода знізіўся ў студзені-красавіку 2016 года на траціну, паведамляе расейскае аналітычнае агенцтва „Автостат”, якое спецыялізуецца на вывучэнні рынку транспартных сродкаў Расеі.

МАЗ

Статданыя сведчаць, што ў студзені—красавіку 2016 года ўсяго ў Расеі было прададзена 14,45 тыс. новых грузавікоў розных вытворцаў, на 15,3% менш, чым за аналагічны перыяд 2015 года. Пры гэтым тэмп зніжэння продажу беларускіх „МАЗаў” у Расеі апынуўся большым, чым у сярэднім па рынку. Так, калі ў студзені—красавіку 2015 года на расейскім рынку было рэалізавана 1.358 грузавых аўтамабіляў „МАЗ” (масай больш за 3,5 тоны), то за аналагічны перыяд 2016 года — 888 аўтамабіляў. У працэнтным выражэнні продаж беларускіх грузавых аўтамабіляў знізіўся на 34,6%, паведамляе „Автостат”.

У той жа час продаж аднаго з асноўных канкурэнтаў менскага аўтазавода на расейскім рынку — КАМАЗа — сёлета павялічыўся. Так, у студзені—красавіку 2016 года камскі аўтазавод прадаў на расейскім рынку 6.015 грузавых аўтамабіляў, што на 8,8% больш у параўнанні са студзенем—красавіком 2015 года. Асобна ў красавіку 2016 года КАМАЗ павялічыў продаж на 42% у параўнанні з аналагічным месяцам 2015 года да 1.717 грузавых аўтамабіляў.

У той жа час Менскі аўтамабільны завод у красавіку прадаў 271 грузавы аўтамабіль, што на 11,1% менш у параўнанні з аналагічным месяцам 2015 года, паведамляе „Автостат”.

Па выніках працы за студзень—красавік 2016 года доля МАЗа на расейскім рынку грузавых аўтамабіляў склала 6,1% супраць 8% за аналагічны перыяд 2015 года. У той жа час доля КАМАЗа ў агульным аб’ёме продажу на расейскім рынку новых грузавых аўтамабіляў склала ў студзені-красавіку 2016 года 41,6% і павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 8,6 працэнтнага пункта.

Нагадаем, у красавіку гэтага года Менскі аўтамабільны завод наведваў Аляксандр Лукашэнка і заявіў, што прадпрыемства можа атрымаць дзяржпадтрымку толькі пад канкрэтныя рынкі збыту.

„Вы атрымаеце грошы, магчыма і кітайскія крэдыты, толькі тады, калі пакажаце, што ў вас ёсць рынкі, куды прадасце гэтую прадукцыю. У адваротным выпадку не дамо ні капейкі”, — папярэдзіў Лукашэнка.

belapan.by