Продаж гарэлкі ў Беларусі скараціўся амаль на 2%
Продаж гарэлкі ў натуральным выражэнні ў першым паўгоддзі 2017 года знізіўся на 1,7%, паведамляе Белстат.
У 2015 годзе продаж гарэлкі ў натуральным выражэнні знізіўся на 10,6% у параўнанні з 2014 годам. У 2016-м продаж гарэлкі рос: у першым квартале — на 1,1%, першым паўгоддзі — на 0,3%, студзені—верасні — на 0,7%. Рэалізацыя гарэлкі ў 2016 годзе знізілася на 1,1% (у абсалютным алкаголі; звесткі ў натуральным выражэнні не публікаваліся). У першым квартале 2017 года падзенне продажу ў натуральным выражэнні склала 3%.
За першае паўгоддзе 2017 года прададзена 4 млн 164,5 тыс. дал гарэлкі ў натуральным выражэнні, яе доля ў агульным аб’ёме продажу алкаголю склала 49,5% (у першым паўгоддзі 2016 года — 49,3%).
Праз рознічную гандлёвую сетку рэалізавана алкагольных напояў і піва на 1 млрд 524,8 млн рублёў (9,7% рознічнага тавараабароту гандлю). У супастаўных цэнах зніжэнне склала 2,2%.
Піва прададзена 16 млн 872,9 тыс. дал, што на 1% больш, чым за аналагічны перыяд 2016 года. Доля гэтага напою ў агульным аб’ёме продажаў алкаголю склала 20,1% (у 2016 годзе — 19,4%).
Лікёраў і лікёра-гарэлачных вырабаў рэалізавана 486 тыс. дал (на 0,2% менш), вінаградных він — 1 млн 598,8 тыс. дал (на 2,1% менш), пладовых він — 2 млн 626,7 тыс. дал (на 10,9% менш). Пладовыя віны занялі 14,1% у аб’ёме продажу алкагольнай прадукцыі (у 2016 годзе — 15,4%).
Каньякоў, каньячных вырабаў і брэндзі прададзена 214,3 тыс. дал (на 6,9% больш), пеністых він, уключаючы шампанскае, — 616,1 тыс. дал (на 0,8% менш), слабаалкагольных напояў — 383,6 тыс. дал (на 3,3% менш).
Усяго ў абсалютным алкаголі прададзена 3 млн 359,6 тыс. дал алкагольных напояў і піва (на 2,4% менш).
У Беларусі неабходна паэтапна павышаць акцызы на моцны алкаголь, заявіў 19 ліпеня на прэс-канферэнцыі намеснік дырэктара па лячэбнай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя Сяргей Восіпчык. Паводле яго слоў, жорсткая акцызная палітыка — „даволі эфектыўная і рэнтабельная мера прафілактыкі алкагалізму насельніцтва”.
„Актуальная акцызная палітыка ў дачыненні да алкагольных напояў у частцы зніжэння акцызаў на піва, як адзін з відаў слабаалкагольных напояў, і павелічэння акцызаў на моцныя алкагольныя напоі”, — сказаў нарколаг. Ён прывёў у прыклад вопыт Фінляндыі, дзе суадносіны акцызаў на моцны алкаголь і піва складаюць 1 да 16. У Беларусі суадносіны — 1 да 1,3.
На думку Восіпчыка, мяккае ўздзеянне на акцызную палітыку „здольнае павярнуць і попыт, і прапанову з магчымасцю забеспячэння большага напаўнення бюджэту”.
Як раней паведамлялася, зараз ідзе ўзгадненне праекта ўказа прэзідэнта „Аб асобных пытаннях рэгулявання рознічнага гандлю алкагольнымі і слабаалкагольнымі напоямі”, падрыхтаванага Міністэрствам унутраных спраў. Дакумент прадугледжвае абмежаванне часу продажу алкагольных напояў з 9.00 да 22.00. Акрамя таго, у крамах плошчай большай за 400 квадратных метраў павінны з’явіцца адасобленыя аддзелы па продажы алкаголю.
У МУС лічаць, што ў выніку ўзмацнення жорсткасці парадку продажу алкаголю дзяржава ў фінансавым плане выйграе, таму што даходы ад рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ў два разы меншыя за расходы, якія ідуць на ліквідацыю наступстваў яе шкоднага спажывання.
Катэгарычна супраць прыняцця ўказа ў такім выглядзе выступаюць прадстаўнікі рознічных сетак. 20 кастрычніка 2016 года яны правялі прэс-канферэнцыю, на якой заявілі, што ўзмацненне жорсткасці умоў рэалізацыі алкагольнай прадукцыі будзе мець негатыўныя наступствы, прывядзе да закрыцця многіх магазінаў і росту цэн на спажывецкім рынку.