Продаж „МАЗаў” у Расеі зменшыўся амаль на 10%



У 2016 годзе Менскі аўтамабільны завод прадаў на расейскім рынку 3,3 тыс. грузавых аўтамабіляў. У параўнанні з 2015 годам продаж беларускіх „МАЗаў” у РФ скараціўся на 9,5%, паведаміў расейскі аўтавытворца КАМАЗ, які з’яўляецца асноўным канкурэнтам беларускага прадпрыемства на рынку Расеі.

МАЗ

Звесткі мінулага года сведчаць, што па аб’ёме продажу грузавых аўтамабіляў (з поўнай масай большай за 3,5 тоны) першае месца заняў КАМАЗ, другое — ГАЗ і трэцяе — МАЗ.

Паводле даных расейскага агенцтва „Аўтастат”, якое спецыялізуецца на вывучэнні рынку транспартных сродкаў, у 2016 годзе аб’ём рынку новых грузавых аўтамабіляў у Расеі склаў 53,3 тыс. адзінак, што на 4,2% больш, чым у 2015 годзе.

Найбольшую долю на расейскім рынку займае КАМАЗ (37,9%), на другім месцы ГАЗ (13,6%) і на трэцім — МАЗ (6,2%). У параўнанні з 2015 годам доля КАМАЗа на расейскім рынку павялічылася на 3,6 працэнтнага пункта, ГАЗа — практычна не змянілася, а доля МАЗа знізілася амаль на 1 працэнтны пункт.

Разам з тым, як сведчаць афіцыйныя дакументы, беларускія ўлады маюць намер узмацніць пазіцыі айчыннага аўтапрама на ўнутраным і знешніх рынках за кошт мадэрнізацыі і асваення новых відаў тэхнікі.

Так, праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацверджаная на 2016—2020 гады, прадугледжвае асваенне ў гэтай пяцігодцы вытворчасці новых відаў малатанажных грузавых аўтамабіляў. Плануецца таксама асвоіць выпуск рухавікоў новых пакаленняў з мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці транспартных сродкаў, што выпускаюцца.

Між тым у 2016 годзе фінансавае становішча беларускага аўтапрама заставалася складаным. Згодна з апошнімі звесткамі Міністэрства фінансаў, Менскі аўтазавод быў самым стратным адкрытым акцыянерным таварыствам Беларусі. Адмоўны фінансавы вынік таварыства склаў у першай палове 2016 года 593,6 млрд недэнамінаваных рублёў.

У тройцы найбольш стратных ААТ таксама апынуліся вытворца цэменту „Краснасельскбудматэрыялы” (чыстая страта 254,8 млрд) і вытворца ўгнаенняў „Гродна Азот” (страты камерцыйнай арганізацыі склалі 453,9 млрд).

На думку беларускіх эканамістаў, адмоўны фінансавы вынік дзейнасці айчынных прамысловых прадпрыемстваў звязаны часта з іх высокай закрэдытаванасцю.

belapan.by