Продаж наўтбукаў у Беларусі ў 2017 годзе вырас на 15%
Паводле ацэнак экспертаў, нягледзячы на агульнасусветнае падзенне, аб’ём рынку прадаж наўтбукаў у Беларусі ў 2017 годзе вырас прыкладна на 15%. Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН паведаміў генеральны дырэктар кампаніі Lenovo ў Беларусі Яўген Трацэнка.
Паводле яго слоў, у абсалютных лічбах гэты рост азначае, што 110 тысяч штук наўтбукаў будзе прададзена па Беларусі ў спажывецкіх каналах і прыкладна 20-25 тысяч праз малы і сярэдні бізнес.
Як адзначыў Трацэнка, рост продажу наўтбукаў у Беларусі абумоўлены найперш жыццёвым цыклам спажывецкіх устройстваў, які складае некалькі гадоў. „Пік продажу наўтбукаў на рынках Беларусі, Украіны і Расіі прыпаў на 2012—2014 гады. Зараз прыйшоў час, калі гэтыя наўтбукі губляюць не толькі з пункту гледжання прадукцыйнасці, але старэюць як фізічна, так і маральна. Адпаведна прыходзіць цыкл змены і рынак пачынае расці не толькі таму, што прыходзяць новыя пакупнікі гэтых устройстваў, але тыя спажыўцы, якія іх мяняюць”, — растлумачыў гендырэктар Lenovo ў Беларусі.
Акрамя таго, свой пазітыўны ўплыў на рост рынку аказвае стабільнасць на фінансавым рынку. „Крэдытныя праграмы — гэта, напэўна, другі фактар, які выдатна ўплывае на павышэнне попыту. Працэнтныя стаўкі ў Беларусі за гэты год істотна знізіліся, і крэдытныя ўмовы сталі больш лаяльнымі”, — адзначыў Яўген Трацэнка.
Паводле яго слоў, у 2018 годзе ў Беларусі спецыялісты таксама прагназуюць рост рынку продажу наўтбукаў. Як чакаецца, ён складзе таксама прыкладна на 10-15% і ў асноўным па-ранейшаму будзе абумоўлены цыклам змены ўстройстваў.
Што да продажу наўтбукаў Lenovo, то яны, паводле слоў гендырэктара кампаніі ў Беларусі, сёлета растуць прапарцыйна разам з рынкам. „Мы нязначна страцілі ў долі, і гэтая нязначная страта ў штуках у асноўным прадвызначана тым, што мы перайшлі ў іншую цэнавую катэгорыю: перасталі канкурыраваць у самым ніжнім цэнавым сегменце і зрабілі невялікі крок у сярэднюю цэнавую катэгорыю”, — падкрэсліў Трацэнка.
Рынак планшэтаў, паводле яго слоў, паказвае адваротную тэндэнцыю. „У Еўропе і ва ўсім свеце ў цэлым ён падае прыкладна аднолькавымі тэмпамі — 15-20% у год. У Беларусі гэта 20%, што адпавядае сусветным тэндэнцыям. Пры гэтым Lenovo умацоўвае свае пазіцыі — мы расцем як у адзінках, так і ў грашовым вымярэнні. Наша доля ў грашовым вымярэнні значна перавышае нашу долю ў адзінках. Гэта сведчыць аб тым, што мы ў асноўным прадаём планшэты сярэдняга і вышэйшага цэнавага сегменту, дарагія якасныя ўстройствы, у тым ліку нашы добра вядомыя ўстройствы Yoga”, — адзначыў гендырэктар Lenovo ў Беларусі.
belapan.by