Продажы сталічнай нерухомасці дасягнулі максімуму
Вынікі 2016 года сведчаць пра тое, што продажы кватэр у Менску дасягнулі максімуму за ўсю гісторыю незалежнасці краіны. Продажы ў сталіцы паказваюць рост дзясяты год запар, чаго не скажаш пра рэгіёны, паведамляе ej.by.
У жылой нерухомасці Менска, калі браць ўсю гісторыю незалежнасці краіны, было два пікі росту продажаў кватэр. У 2003 годзе продажы склалі 12 386 здзелак. Пасля гэтага піка продажы пайшлі на спад і аднавіліся толькі праз 10 гадоў, у 2013 годзе, дасягнуўшы зноў жа рэкорднай адзнакі ў 13 784 прададзеныя кватэры. Пасля 2013 года зноў жа пайшоў нязначны спад, пакуль зусім нечакана не „выстраліў” 2016 год, утварыўшы новую пікавую вяршыню.
Паводле дадзеных Нацыянальнага кадастравага агенцтва, у 2016 годзе ў Менску было прададзена 15 011 кватэр, што на 14,2% (або на 1 877 кватэр) больш за паказчык 2015 года. Столькі кватэр у беларускай сталіцы не прадавалася яшчэ ніколі. Гэта гістарычны максімум, які будзе пабіты не надта хутка, калі наогул будзе пабіты.
Эксперты адзначаюць два асноўныя моманты такіх значных продажаў кватэр у Менску. Асноўную ролю тут адыгралі рэгіянальныя пакупнікі, якім стала па кішэні сталічнае жыллё з прычыны падзення коштаў. Менавіта наплывам рэгіянальных пакупнікоў тлумачыцца той факт, што на фоне значнага росту продажаў кватэр рынак загараднага прысталічнага жылля ў 2016 годзе, насупраць, абваліўся больш чым на чвэрць.
Другім фактарам росту стала тая акалічнасць, што ў 2016 годзе рынак дасягнуў свайго коштавага дна. На працягу года цэны мяняліся, але вельмі нязначна. А паколькі цэны на квадратныя метры перасталі падаць, пачаў працаваць адкладзены попыт, і людзі, якія хацелі набыць кватэру, але чакалі больш выгадных цэнаў, пачалі рэалізоўваць свае задумы. Прычым кватэру па добрай цане і ў добрым раёне можна было купіць і для вялікай сям’і.
Варта адзначыць, што калі рэгіяналы забяспечвалі попыт у першай палове мінулага года, то адкладзены попыт пачаў працаваць якраз у другой. Прасцей кажучы, забяспечыўшы рост попыту, рэгіяналы далі зразумець усім, што далей чакаць падзення рынку не мае сэнсу, адпаведна падключыўся попыт адкладзены.
У адрозненне ад сталічнага рынку, продажы кватэр у рэгіёнах падаюць ужо трэці год запар і, падобна, гэта падзенне не хутка спыніцца. Нягледзячы на ўсе меры, якія прымаюцца ўрадам і прэзідэнтам, рэгіёны па-ранейшаму адчуваюць праблемы як з добрай аплатай працы, так і з ростам насельніцтва. Цалкам відавочна, што продажы кватэр у рэгіёнах і далей будуць асядаць – для росту папросту няма ніякіх перадумоў.
Фота kvartira-by.ru