Прорва ў заробках паміж сталіцай і рэгіёнамі будзе павялічвацца
Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму ў апошні час вясковае насельніцтва ў Беларусі стала пабяднела ў параўнанні з жыхарамі буйных гарадоў.
У даследванні, аўтарам якога з’яўляецца навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра Алег Мазоль, ён вывучаў заробкі ў 118 раёнах краіны ў перыяд з 2000 па 20015 год.
Па яго словах, “сярэдні заробак у раёнах прыкладна на 20 адсоткаў меншы, чым у сярэднім па рэспубліцы. Калі параўнаць яго з абласнымі цэнтрамі і Менскам, то розніца будзе яшчэ больш істотная”.
Барыс Жаліба: У межах крызіса, які ў беларускай эканоміцы доўжыцца ўжо не першы год, бяднейшыя становяцца яшчэ больш беднымі. У прыватнасці, у рэгіёнах людзі хутчэй губляюць працу, яе там куды складаней знайсці. І заробкі – каля 2-3 мільёнаў. У сталіцы, безумоўна, больш шырокія магчымасці і па выбары працы, і па заробках, якія ў сярэднім складаюць тысячу рублёў у месяц (10 мільёнаў – недэнамінаванымі). Таму, як кажуць, чым далей у лес, тым больш дроў. У нашым выпадку, чым далей ад Менска, тым меншыя заробкі.
РР: Ці будзе павялічвацца прорва ў заробках паміж буйнымі гарадамі і рэгіёнамі?
Барыс Жаліба: Безумоўна, пакуль будзе працягвацца крызіс.
РР: Парадокс, але, нягледзячы на малыя заробкі, менавіта людзі з рэгіёнаў больш падтрымліваюць сёняшнюю ўладу, чым сталічныя жыхары.
Барыс Жаліба: Не ў крыўду вясковым жыхарам, але ў той жа сталіцы людзі больш падрыхтаваныя і па ўзроўні адукацыі, і ў палітыцы больш інфармаваныя, яны лепш арыентуюцца ў сацыяльна-палітычнай абстаноўцы. Суадносна, самі могуць рабіць нейкія высновы пасля аналізу таго, што адбываецца. У рэгіёнах народ больш давярае тэлевізару, а пенсіянеры і ўвогуле застаюцца самым кансерватыўным слоем насельніцтва. Хаця погляды ўсіх людзей пасля падзення ўзроўню жыцця, думаю, будуць змяняцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя